Мінск 23:53

СК распачаў крымінальную справу ў сувязі са смяротнай аварыяй пад Івацэвічамі

Скрыншот: відэаматэрыял СК

16 лістапада, Позірк. У сувязі з аўтамабільнай аварыяй, якая здарылася раніцай 16 лістапада пад Івацэвічамі (Брэсцкая вобласць), Следчы камітэт адкрыў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека).

Раней прэс-служба МУС паведаміла, што трагедыя адбылася на 149-м кіламетры аўтадарогі М1/Е30 (Брэст — Мінск — мяжа РФ). 61-гадовы кіроўца грузавіка “Мэрсэдэс” падчас развароту не саступіў дарогу і сутыкнуўся з легкавым аўтамабілем “Аўдзі”. У выніку аварыі 60-гадовы кіроўца “Аўдзі” загінуў, пацярпела яго 32-гадовая пасажырка і дзеці, якія знаходзіліся ў салоне.

Следчы камітэт удакладняе, што кіроўца грузавіка разварочваўся ў забароненым месцы. Акрамя таго, паводле звестак ведамства, з траіх дзяцей, якія знаходзіліся ў легкавым аўто, пацярпелі двое — 9 і 12 гадоў, а “аднагадовае дзіця цудам не пацярпела” (МУС паведамляла, што пацярпелі ўсе трое, пры гэтым называўся ўзрост — 1, 9 і 11 гадоў).

“На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група”, — гаворыцца ў паведамленні СК.

Падзяліцца: