Мінск 18:43

СК абвінаваціў латвійскіх памежнікаў у збіцці афганскага мігранта

17 лістапада, Позірк. Аб выяўленні каля мяжы з Латвіяй 28-гадовага грамадзяніна Афганістана паведаміў 17 лістапада Следчы камітэт.

Мужчына названы “чарговай ахвярай латвійскага рэжыму”.

“Учора днём у Верхнядзвінскім раёне (Віцебская вобласць) знойдзены збіты замежнік. Мужчына з дапамогай перакладчыка растлумачыў, што з’яўляецца грамадзянінам Афганістана. Па дарозе ў еўрапейскую краіну яго спынілі латвійскія памежнікі. Яны забралі мабільны тэлефон і грошы, пасля чаго жорстка збілі і сілай прымусілі вярнуцца ў Беларусь”, — сцвярджае СК.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група, мігранту аказана медыцынская дапамога, гаворыцца ў паведамленні.

16 лістапада паведамлялася аб выяўленні цела грамадзяніна Емена ў Свіслацкім раёне (Гродзенская вобласць). Паводле сцвярджэння Дзяржаўнага памежнага камітэта, труп знаходзіўся ў балоце — “у непасрэднай блізкасці ад беларуска-польскай мяжы”.

Беларускія ўлады рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

“Мы да ўвядзення санкцый вельмі сур’ёзна з Захадам супрацоўнічалі, аж да таго, што заключылі дагавор аб рэадмісіі. Пасля яны ад гэтага адмовіліся. Мы лавіць іх не будзем. Наша справа — гарантаваць бяспеку народа”, — сказаў ён, у прыватнасці, 2 ліпеня.

“Галоўнае ў тым, што я не маю намеру аддаваць загад пагранічнікам, вайскоўцам ды іншым, каб яны абаранялі Еўрапейскі саюз на мяжы Беларусі і Польшчы. Вы накінулі пятлю на нашу шыю і яшчэ прымушаеце нас, каб мы абаранялі вас ад гэтых небаракаў”, — заявіў Лукашэнка.

Падзяліцца: