Мінск 06:43

Супраца Беларусі і РФ больш шчыльная, чым магла б быць у “адной дзяржаве”, заяўляе Лукашэнка (дапоўнена)

Архіўнае фота: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі

дададзеныя абзацы 6–7

18 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “ніколі не чуў” ад прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна пра жаданне жыць у адной дзяржаве, “у гэтым няма ніякай неабходнасці”. Палітык выказаўся наконт гэтага 18 лістапада ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Смаленскай вобласці РФ Васілём Анохіным.

“Але нашая супраца — Беларусі з Расіяй — больш шчыльная, чым калі б мы жылі ў адной дзяржаве, паказваючы пальцам адзін на аднаго, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Тое нам і трэба, каб мы былі з’яднаныя, і каб нас ніхто рознага роду абяцаннямі і іншым не змог расцягнуць у розныя бакі, як гэта было пасля распаду Савецкага Саюза”.

“Хто б там у Расіі, я ўжо таксама кажу, не вякаў: “Вось, Лукашэнка, шматвектарнасць… Зноў ён адпусціў гэтых палітвязняў некалькі дзясяткаў. Гэта значыць, ён ужо на Захад…”. Слухайце, ну такое прымітыўнае мысленне, што далей няма куды. І мы гэта бачым і чуем”, — сказаў Лукашэнка.

У адказ на падобную крытыку ён падкрэсліў, што беларусы “маюць краіну”, галоўны “знешнепалітычны пасыл” і “памкненне” якой заключаецца ў тым, што “з суседзямі трэба жыць у міры, яны ад бога”.

“Ну і што зрабіць, калі палякі стагоддзямі жылі з намі і тое, што кіраўніцтва Польшчы сёння займае такую брыдкую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі. Няўжо палякі ў гэтым вінаватыя? Ну ў нейкай ступені — так, — яны ж абіраюць іх. Але ў большасці сваёй палякі хочуць жыць мірна з намі, — заявіў Лукашэнка. — Тое ж самае літоўцы, латышы, украінцы. Ну калі такую палітыку праводзіць кіраўніцтва [гэтых краін]… Таму мы спакойна, мэтанакіравана спрабуем выбудоўваць з імі стасункі. Але інтарэсы нашыя — яны ёсць нашыя інтарэсы”.

Паводле яго сцвярджэння, Расія “крыва не глядзіць” на Беларусь, “гадасцей ніякіх не робіць”, “наадварот, падтрымлівае ў самыя цяжкія і складаныя часы”. Мінск, адзначыў ён, “адпаведна да гэтага падыходзіць і ставіцца”.

“Маюцца дзве дзяржавы, маецца агульная айчына. Расіяне не пярэчаць супраць гэтага. Яна ад Брэста да Уладзівастока. Гэта наша айчына. Гэтым усё сказана, — заявіў Лукашэнка. – Але так здарылася, не з нашай віны, — мы маем дзве дзяржавы — Беларусь і Расію”.

Спікер сярод іншага заклікаў “разабрацца ва ўрадзе” з прычынамі падзення двухбаковага тавараабароту паміж Беларуссю і Смаленскай вобласцю, каб вярнуць яго аб’ёмы на ранейшы ўзровень — амаль 5 млрд долараў.

Варта адзначыць, што ў жніўні 2002 года Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам прадставіў некалькі мадэляў беларуска-расійскай інтэграцыі. Адна з іх прадугледжвала стварэнне адзінай краіны з агульным парламентам і кіраўніком дзяржавы (эксперты канстатавалі, што гэта фактычна азначала б уваходжанне Беларусі ў склад РФ на правах суб’екта федэрацыі), другая — аб’яднанне па схеме Еўрасаюза. Неўзабаве з’явілася яшчэ адна прапанова — аб’яднанне на аснове палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

7 верасня Лукашэнка заявіў у Полацку, што яму “прапанавалі інкарпарацыю плюс пасекчы Беларусь і ўключыць” у склад Расіі. 9 верасня яго прэс-служба апублікавала тэкст інтэрв’ю тэлеканалу НТВ, у якім Лукашэнка назваў першы варыянт аб’яднання — “падзяліць Беларусь на часткі і ўключыць іх у склад Расійскай Федэрацыі” — непрахадным, да якога “нават Сталін у свой час не дадумаўся”. 23 верасня быў прадстаўлены тэкст інтэрв’ю “Бі-Бі-Сі”, дзе ён зноў заявіў пра непрымальнасць варыянту “раздзялення” краіны і “ўключэння яе ў склад Расіі (ды і любой дзяржавы)”.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

На сустрэчы з расійскімі журналістамі ў тым жа месяцы Лукашэнка заявіў, што ўспрымае рыторыку “некаторых” у РФ такім чынам: “Атрымаеце нафту, але вы давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі”. “Расія гатовая сёння прыняць Беларусь абласцямі ці цалкам у склад Расіі? Вы падумайце пра наступствы. Вы гатовыя да гэтага? І як на гэта паглядзяць у нашай краіне? Ды і ў вашай, ды і міжнародная грамадскасць. Не мыццём, дык катаннем інкарпарацыя краіны ў склад іншай краіны”, — сказаў ён.

Лукашэнка ў той ці іншай форме паўтараў словы пра намер Расіі інкарпараваць Беларусь аж да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пасля таго як Масква падтрымала яго на фоне маштабных пратэстаў супраць фальсіфікацый і жорсткасці сілавікоў у дачыненні да народа, Лукашэнка актывізаваў працэсы інтэграцыі з РФ. Збліжэнне ў палітычным, ваенным і эканамічным плане інтэнсіфікавалася ў 2022 годзе — пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, калі рэжым у Мінску даў Крамлю тэрыторыю для нападу і стаў усяляк садзейнічаць яе агрэсіўным дзеянням.

25 кастрычніка 2024 года ў інтэрв’ю расійскаму выданню “Известия” Лукашэнка заявіў, што ў РФ “маюцца сілы, якія б хацелі далучэння Беларусі, але гэта немагчыма”. “Так пытанні ставіць нельга, — сказаў ён. — Гэта немагчыма і нерэалізавальна. Баюся нават сказаць, што гэта вайна. Але вы бачыце нашыя стасункі з Пуціным. Маса перамоў, кантактаў, асабістых і іншых. У нас ніколі так пытанне не стаяла. Ну ў Расіі некаму карціць і ў высокіх колах. Трэба гэта выкінуць”.

“Мы можам выбудаваць такія стасункі, якія будуць больш шчыльныя і моцныя, чым ва ўнітарнай дзяржаве. І ніхто ні на кога крыўдзіцца не будзе. Нам гэта трэба”, — адзначыў Лукашэнка.

Падзяліцца: