Мінск 14:36

Лукашэнка зноў запрасіў у Беларусь прэзідэнта Егіпта, жадае абмеркаваць атамную энергетыку

Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фаттах ас-Сісі
Архіўнае фота: "Анадолу"

19 лістапада, Позірк. Зацікаўленасць у развіцці далейшай супрацы паміж Мінскам і Каірам праявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 19 лістапада прэзідэнта Егіпта Абдэля Фаттаха ас-Сісі з 70-годдзем.

На думку віншавальніка, Егіпет пад кіраўніцтвам аль-Сісі “мае моцны і канструктыўны голас у рэгіёне, актыўна садзейнічае дээскалацыі напружанасці і пошуку мірных рашэнняў канфліктаў”.

“Усталяванне справядлівага светапарадку, бяспека і стабільнасць маюць першараднае значэнне і для Беларусі. Спадзяюся, што сітуацыя на Блізкім Усходзе хутка дазволіць вам здзейсніць афіцыйны візіт у Мінск”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба Лукашэнкі.

Падчас асабістай сустрэчы, лічыць ён, бакі змогуць не толькі “абмеркаваць далейшае развіццё знакавых сумесных праектаў”, якія ўжо “паспяхова рэалізуюцца”, але і “акрэсліць перспектывы кааперацыі ў новых сферах, такіх як мірнае выкарыстанне атамнай энергіі, прымяненне найноўшых тэхналогій для будаўніцтва “разумных гарадоў” ды іншыя”.

Беларусь у 2023 годзе завяршыла будаўніцтва другога блока АЭС, Егіпет пачаў узвядзенне свайго першага ядзернага энергетычнага аб’екта ў 2022-м. Беларускую і егіпецкую станцыю аб’ядноўвае тып рэактара — ВВЭР-1200, а таксама распрацоўшчык і рэалізатар праекта — расійская дзяржкарпарацыя “Расатам”.

Віншуючы 23 ліпеня ас-Сісі з Днём Рэвалюцыі, Лукашэнка ўжо запрашаў яго ў Беларусь у надзеі працягнуць “плённы дыялог” і абмеркаваць “перспектыўныя кірункі супрацы”.

29 красавіка ён ухваліў у якасці асновы для перагавораў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Егіпта аб сістэме садзейнічання ўзаемнаму гандлю.

27 кастрычніка на сустрэчы амбасадара Беларусі Сяргея Цярэнцьева і намесніка міністра замежных спраў Егіпта Ваіля Хамеда, бакі заявілі пра гатоўнасць узаемадзейнічаць у галіне палітыкі, гандлю, прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Дыпламатычныя стасункі паміж краінамі ўсталяваныя 1 лютага 1992 года. Амбасада Беларусі ў Егіпце адкрылася ў жніўні 1997 года.

Паводле інфармацыі беларускага МЗС, у 2021 годзе аб’ём узаемнага гандлю склаў 62,68 млн долараў (беларускі экспарт — 41,77 млн, імпарт — 20,91 млн). Пазнейшыя даныя адсутнічаюць.

Згодна з данымі ААН, у 2023 годзе экспарт Егіпта ў Беларусь склаў 21,5 млн долараў, імпарт з Беларусі — 79,6 млн долараў.

Падзяліцца: