Мінск 14:21

Сілавікі праводзяць вучэнні на выпадак “ускладненні абстаноўкі” падчас выбараў

Скрыншот: відэаматэрыял МУС

19 лістапада, Позірк. Камандна-штабныя вучэнні з удзелам “суб’ектаў дзяржаўнай сістэмы рэагавання” праводзяцца 19–22 лістапада пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, паведамляе прэс-служба МУС.

Адзначаецца, што вучэнні ўключаюць тэарэтычную і практычную часткі, а этапы трэніровак пройдуць у Мінску, абласных і раённых цэнтрах.

“Падчас вучэнняў праваахоўнікі прадэманструюць гатоўнасць да аператыўнага рэагавання на магчымыя ўскладненні абстаноўкі ў краіне падчас электаральнай кампаніі, — гаворыцца ў паведамленні. — Мэта ўводных задач — недапушчэнне праяў экстрэмізму і тэрарызму, уцягвання грамадзян у супрацьпраўныя дзеянні, спыненне парушэнняў грамадскага парадку”.

Паводле інфармацыі МУС, у дні вучэнняў “магчымае перамяшчэнне спецтэхнікі з перакрыццем вуліц, а таксама выкарыстанне піратэхнікі”.

Працэс падрыхтоўкі да сёмых прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 26 студзеня 2025 года, праходзіць пад кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчанае ад актыўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы звяртаюць увагу на імітацыю канкурэнцыі.

Папярэднія прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 9 жніўня 2020 года, адзначыліся празмернай жорсткасцю сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў супраць фальсіфікацый. Гэта выклікала яшчэ большы народны ўздым, на які ўлады адказалі шырокамаштабнымі рэпрэсіямі, што працягваюцца дагэтуль.

У тым ліку дзеянні прадстаўнікоў сілавога блока далі падставу беларускім і замежным праваабарончым арганізацыям заявіць, што рэжымам Аляксандра Лукашэнкі здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.

Падзяліцца: