Мінск 13:29

МУС назвала Беларусь “закладнікам сітуацыі” з мігрантамі і заклікала Захад вырашаць праблему разам

Польскі плот на мяжы з Беларуссю
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Памежнай аховы Польшчы

19 лістапада, Позірк. Беларусь “не з’яўляецца першапрычынай зыходу мігрантаў са сваіх дзяржаў”, яна, “па сутнасці, стала закладнікам сітуацыі”, заявіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка ў інтэрв’ю дзяржаўнаму выданню “СБ. Беларусь сёння”.

Асноўнымі прычынамі, “чаму людзі бягуць” са сваіх родных краін, чыноўнік назваў “эканамічныя, экалагічныя і гуманітарныя” праблемы.

“Аб’ектыўна, краіны транзіту не могуць паўплываць і на краіны прызначэння, якія замест таго, каб выкараняць першапрычыны міграцыі і пашыраць легальныя каналы ўезду, будуюць “жалезныя платы”, спадзяючыся, што гэта можа пазбавіць іх ад праблем, — сказаў Назаранка. — Так, гэта ўскладняе жыццё ўцекачам, робіць няпростымі іх маршруты. На жаль, частка з іх гіне, некаторых проста забіваюць… Але гэтыя меры таксама часовыя, уцекачы знойдуць іншыя шляхі”.

Без выкаранення першапрычын незаконнай міграцыі, адзначыў чыноўнік, нельга “эфектыўна вырашыць агульнасусветную праблему і знайсці выхад з крызісу”. Таму, робіць ён выснову, “дзейнічаць трэба толькі разам і Захаду, і Усходу, чаго на практыцы няма”.

Намеснік міністра сцвярджае, што ніводнай спробы наладзіць дыялог і знайсці вырашэнне праблемы на агульнай мяжы з боку заходніх краін не было.

“Калі казаць пра загінулых, афіцыйная лічба такая: з 2021 года на мяжы Беларусі з ЕС загінула каля 70 уцекачоў”, — заявіў чыноўнік.

Назаранка згадаў пра праведзеную ў васьмі краінах аперацыю Еўрапола, у рамках якой польскія памежнікі затрымалі членаў міжнароднай злачыннай групы, што арганізавала канал нелегальнай міграцыі з РФ і Беларусі праз Польшчу ў краіны Заходняй Еўропы.

“Ключавыя арганізатары нелегальнай міграцыі арыштаваныя ў Польшчы, Германіі, Нідэрландах, Літве, Латвіі, Эстоніі і Швецыі. Пяць чалавек злоўленыя падчас аперацый у Польшчы, у тым ліку двое з доказамі злачынства пры перапраўцы 10 мігрантаў. Як высветлілі польскія следчыя, сірыец быў заснавальнікам і членам арганізаванай міжнароднай злачыннай групы, якая з сакавіка 2021-га па лістапад 2023-га пераправіла праз Беларусь 3.500 чалавек, у тым ліку з Сірыі, Емена і Ірака”, — сказаў прадстаўнік МУС. Пры гэтым ён не патлумачыў, чаму беларускія пагранічнікі дапусцілі такі трафік.

Больш за тое, намеснік міністра сцвярджае, што “пакуль Еўрасаюз робіць усё, каб не вырашыць міграцыйную праблему”, у той час як беларускае МУС “ва ўзаемадзеянні з іншымі сілавымі структурамі і ведамствамі робіць усё, каб спыніць каналы перамяшчэння нелегальных мігрантаў праз Беларусь”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

З пачатку 2024 года суседнія краіны Еўрасаюза прадухілілі амаль 35 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Амаль 29 тыс. спробаў было зроблена на беларуска-польскай мяжы.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

“Мы да ўвядзення санкцый вельмі сур’ёзна з Захадам супрацоўнічалі, аж да таго, што заключылі дагавор аб рэадмісіі. Пасля яны ад гэтага адмовіліся. Мы лавіць іх не будзем. Наша справа — гарантаваць бяспеку народа”, — сказаў ён, у прыватнасці, сёлета 2 ліпеня.

“Галоўнае ў тым, што я не маю намеру аддаваць загад пагранічнікам, вайскоўцам ды іншым, каб яны абаранялі Еўрапейскі саюз на мяжы Беларусі і Польшчы. Вы накінулі пятлю на нашу шыю і яшчэ прымушаеце нас, каб мы абаранялі вас ад гэтых небаракаў”, — заявіў Лукашэнка.

Падзяліцца: