Мінск 18:17

Пуцін падпісаў дакумент, які дапускае ядзерны ўдар у адказ на агрэсію супраць Беларусі

Расійская тактычная ядзерная зброя
Ілюстрацыйнае фота: Міністэрства абароны РФ

19 лістапада, Позірк. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 19 лістапада падпісаў Асновы дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядзернага стрымлівання, у якой сярод іншага згадваецца Беларусь.

У дакуменце, апублікаваным на сайце Крамля, пазначана, што Масква “пакідае за сабой права” выкарыстаць ядзерную зброю ў адказ на “прымяненне супраць яе і (або) яе саюзнікаў ядзернай і (або) іншых відаў зброі масавага паражэння, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расійскай Федэрацыі і (або) Рэспублікі Беларусь як удзельнікаў Саюзнай дзяржавы з прымяненнем звычайнай зброі, якая стварае крытычную пагрозу іх суверэнітэту і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці”.

Пра тое, што адаптаваная да “новых рэалій” дзяржпалітыка Расіі “дапускае магчымасць выкарыстання ядзернай зброі ў адказ на агрэсію супраць Беларусі”, заявіў міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў 23 кастрычніка ў Мінску на пасяджэнні сумеснай калегіі двух ваенных ведамстваў.

Беларускія і расійскія чыноўнікі раней заяўлялі, што да пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы плануецца падрыхтаваць двухбаковы дагавор аб гарантыях бяспекі.

Кіраўнік другога дэпартамента краін СНД МЗС РФ Аляксей Палішчук у інтэрв’ю “РИА Новости” заяўляў, што гэты дагавор “пацвердзіць гатоўнасць Расіі і Беларусі выкарыстаць усе наяўныя ў іх арсенале сілы і сродкі ў адказ на знешнюю агрэсію”. “У тым ліку — у выключных выпадках — ядзерную зброю, як пра гэта сёлета 25 верасня заявіў прэзідэнт Расіі”, — дадаў ён.

У выступе 2 верасня перад студэнтамі Акадэміі ўпраўлення міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў адзначыў, што ў дагавор аб гарантыях бяспекі будуць закладзеныя прынцып выкарыстання ядзернага і звычайнага ўзбраення, а таксама іншыя метады абароны Беларусі і РФ.

25 верасня на пасяджэнні Савета бяспекі Расіі было абвешчана пра абнаўленне ядзернай дактрыны РФ. Пуцін сярод іншага паведаміў, што Масква “пакідае за сабой права” выкарыстаць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі. “З беларускім бокам, з прэзідэнтам Беларусі ўсе гэтыя пытанні ўзгодненыя. У тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту”, – сказаў прэзідэнт РФ.

Пасля Аляксандр Лукашэнка заявіў у каментарыі тэлеканалу “Россия 1”, што асабіста ўдзельнічаў у працэсе абнаўлення ядзернай дактрыны РФ.

Размешчаная ў Беларусі расійская тактычная ядзерная зброя (ТЯЗ) можа быць выкарыстаная толькі з дазволу Крамля, вынікала з заяў Лукашэнкі 8 кастрычніка ў Маскве перад пасяджэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Пра тое, што ў выпадку нападу Украіны на Беларусь Лукашэнка зможа выкарыстаць расійскую ТЯЗ з дазволу Масквы, заявіў 6 кастрычніка ў сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў.

“[У такой сітуацыі] у Аляксандра Рыгоравіча будзе поўная падстава звярнуцца да Расіі для выкарыстання размешчанай ў Беларусі ТЯЗ. І яму цяжка будзе адмовіць у задавальненні паглядзець на агеньчыкі ў Кіеве”, — адзначыў Мядзведзеў (захаваны аўтарскі стыль).

Падзяліцца: