Мінск 02:15

Выйшаў музычны альбом пра беларускіх палітвязняў

Вокладка альбома
Фота: "Вясна"

19 лістапада, Позірк. Музычны альбом пра беларускіх палітвязняў “Пазначаныя жоўтым” прадставіў праваабарончы цэнтр “Вясна” сумесна з творчымі дзеячамі. Над яго стварэннем працавалі паэты, акцёры, музыканты, праваабаронцы і былыя палітвязні.

Альбом складаецца з шасці трэкаў, якія дазваляюць “адсачыць шлях палітвязня”: затрыманне — умовы — суд — лісты — пасля вызвалення. Асобна выдзелена тэма дзяцей, чые бацькі былі пазбаўленыя волі з палітычных матываў.

Як адзначае “Вясна”, альбом “з’яўляецца своеасаблівай дакументацыяй рэпрэсій”. У аснову тэкстаў ляглі сведчанні палітвязняў, у аранжыроўцы выкарыстоўваюцца архіўныя запісы затрыманняў, судовых працэсаў і галасоў палітвязняў, якіх адміністрацыі калоній мецяць жоўтымі біркамі.

Сярод іншага выкарыстана бразганне кайданкоў Марыі Калеснікавай, абурэнне жыхароў “плошчы Пераменаў” пры затрыманні Сцяпана Латыпава, сведчанне асуджанага па “справе Зельцара” Арцёма Задруцкага.

Ідэя праекта належыць былой актрысе Купалаўскага тэатра Крысціне Дробыш, якая выступіла таксама менеджарам і рэжысёрам альбома. Праект рэалізаваны ў рамках праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і дацкага інстытута культуры пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.

На 19 лістапада ў Беларусі 1.269 чалавек, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі.

Падзяліцца: