Мінск 16:38

Да пошукаў зніклых у Турцыі беларускіх альпіністак падключылі самалёт-выведнік

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

20 лістапада, Позірк. Раніцай 20 лістапада аднавіліся пошукі сясцёр-беларусак Валянціны і Марыі Іванковых, якія зніклі ў раёне горнага хрыбта Аладаглар у цэнтры Турцыі, паведаміла 20 лістапада агенцтва “Анадолу”.

Сувязь з беларускамі знікла пасля іх выхаду з лагера Сакулупынар для ўздыму на вяршыню гары Кызылкая, адзначае медыя.

Паведамляецца, што пошукавыя групы ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў МУС Турцыі, а таксама жандармерыі правінцыі Нігдэ працягваюць пошукавыя работы ў раёне гары Кызылкая. Да пошукаў падключыўся пілатуемы выведвальны самалёт, які вылецеў з турэцкай сталіцы.

Пра знікненне ў Турцыі сясцёр-блізнят з Беларусі Валянціны і Марыі Іванковых стала вядома днём 19 лістапада. Інфармацыю пра здарэнне пацвердзіў МЗС Беларусі. Паводле інфармацыі беларускага консульства ў Турцыі, дзяўчаты прыбылі ў Нідэ з Анкары 15 лістапада, каб заняцца альпінізмам, але з 18 лістапада, калі яны павінны былі вярнуцца ў турэцкую сталіцу, ад іх не паступіла ніякіх вестак.

У выратавальных работах 19 лістапада прымалі ўдзел чатыры чалавекі з пошукава-выратавальнай групы жандармерыі і 10 чалавек з упраўлення па надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў МУС Турцыі, яны былі спыненыя з надыходам цемры.

Падзяліцца: