Мінск 18:34

На выбарах акрэдытавана 800 нацыянальных назіральнікаў — ЦВК

20 лістапада, Позірк. Тэрытарыяльнымі камісіямі па выбарах прэзідэнта акрэдытавана 800 нацыянальных назіральнікаў, заявіў 20 лістапада старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба ЦВК, 102 назіральнікі — моладзь ва ўзросце да 31 года, 590 — жанчыны, 144 — члены палітычных партый, 579 — прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.

Карпенка паведаміў, што сфарміраваныя 153 тэрытарыяльныя камісіі (шэсць абласных і Мінская гарадская, 118 — раённых, чатыры — гарадскіх (у гарадах абласнога падпарадкавання), 24 — раённых у гарадах), абраныя іх кіраўнікі.

Акрэдытацыя нацыянальных назіральнікаў завершыцца 20 студзеня 2025 года.

Сёмыя выбары прэзідэнта прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. У дзень, калі Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведнае рашэнне, 23 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прыме ў іх удзел.

Дэмсілы ў сумеснай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, заклікалі галасаваць “супраць усіх”. На іх думку, галасаванне “супраць усіх” пакажа, што “беларускае грамадства па-ранейшаму супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і сумленных выбараў”.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: