Мінск 20:29

Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МУС Эстоніі легалізацыю беларусаў і выдачу віз

Талін
Фота: pixabay.com

20 лістапада, Позірк. Легалізацыю грамадзян Беларусі ў Эстоніі, а таксама выдачу ім віз і відаў на жыхарства абмеркавала падчас візіту ў гэтую краіну дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з міністрам унутраных спраў Лаўры Ляэнеметсам.

Як паведамляе прэс-служба дэмлідара, з міністрам абмяркоўваліся таксама “пытанні складання і адпраўкі ў міграцыйныя органы Эстоніі інструкцый па працы з беларускімі справамі і выдача пашпартоў замежнікаў”.

Тэмамі перамоваў Ціханоўскай з міністрам адукацыі і навукі Эстоніі Крысцінай Калас былі дадатковыя стыпендыі для беларускіх студэнтаў, магчымасць увядзення беларускай мовы і гісторыі ў некаторых школах Таліна, адкрыццё Хола Антона Луцкевіча, аднаго з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, які вучыўся ў Тартускім універсітэце.

На сустрэчы з кіраўніком МЗС Маргусам Цахкнай Ціханоўская, як паведамлялася, абмеркавала маючыя адбыцца ў Беларусі прэзідэнцкія выбары, заклікала да падтрымкі звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, узмацненне ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі праз “комплекс санкцый за парушэнне правоў чалавека”. Акрамя гэтага, узнімаліся пытанні падтрымкі дэмакратычных сіл і Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі палітвязням, у які ўлады Эстоніі выдзеляць 30 тыс. еўра.

З міністрам культуры Хэйдзі Пурга абмяркоўваліся пераклад беларускіх твораў на эстонскую мову, правядзенне сумесных мерапрыемстваў у сферы культуры, праграмы падтрымкі беларускіх акцёраў і студэнтаў, а таксама выстава дызайнера Уладзіміра Цэслера ў Эстоніі.

Візіт Ціханоўскай у Эстонію праходзіў 18 і 19 лістапада.

Падзяліцца: