Мінск 16:28

Ціханоўская падзякавала Сербіі за адмову выдаць Гнёта і заклікала да супрацоўніцтва з дэмсіламі

Скрыншот: ютуб-канал Бялградскай канферэнцыі па бяспецы

20 лістапада, Позірк. Аб недапушчальнасці “выкарыстання дыктатарамі міжнародных арганізацый у сваіх карыслівых мэтах” заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 20 лістапада ў відэазвароце да ўдзельнікаў Бялградскай канферэнцыі па бяспецы.

Асобна яна згадала пра рэжысёра Андрэя Гнёта, выдачы якога для крымінальнага пераследу дамагаліся беларускія ўлады.

Паводле слоў Ціханоўскай, Гнёт “правёў год пад арыштам тут, у Бялградзе, таму што Лукашэнка выкарыстаў супраць яго Інтэрпол”. “І я дзякую сербскаму кіраўніцтву за тое, што яно вырашыла не выдаваць яго. Дзякуй дыпламатам і грамадзянскай супольнасці за кампанію па яго вызваленні”, — адзначыла палітык.

Ціханоўская заклікала ўлады Сербіі да ўстанаўлення адносін і афіцыйнага супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі. “Працуйце з дэмакратычнай Беларуссю, а не з узурпатарам, які захапіў уладу. У барацьбе з тыраніяй нам патрэбныя саюзнікі”, — падкрэсліла яна.

Адзначыўшы, што канферэнцыя ў сталіцы Сербіі прысвечаная бяспецы, дэмлідар выказала меркаванне, што “бяспеку і дэмакратыю нельга падзяляць”. “Без дэмакратыі няма сапраўднай бяспекі, — удакладніла палітык. — Дэмакратычныя краіны не развязваюць войнаў. Яны не выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці зброі і не пагражаюць свету ядзернай зброяй. Яны не ўганяюць самалёты, не саджаюць у турмы журналістаў і не душаць уласны народ. Менавіта так паступаюць аўтарытарныя рэжымы — у Беларусі, Расіі ці дзе-небудзь яшчэ”.

У тытрах падчас выступу Ціханоўская названая абраным прэзідэнтам Беларусі.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: