Мінск 16:34

Аўкцыён па продажы дома Цапкалы не адбыўся праз адсутнасць удзельнікаў

Крыніца: e-auction.by

20 лістапада, Позірк. Праз адсутнасць удзельнікаў не адбыліся прызначаныя на 20 лістапада таргі па продажы дома экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы, вынікае з паведамлення на пляцоўцы e-auction.by.

Двухпавярховы катэдж плошчай 418,3 м2, размешчаны на вуліцы Цяплічнай у Мінску, быў выстаўлены на аўкцыён у сярэдзіне кастрычніка. З ім прадаецца ўсё дамавое абсталяванне, прадметы інтэр’еру і зямельны ўчастак плошчай 0,1411 га.

Указана, што ў доме ёсць склеп, тэраса, навес, на тэрыторыі пабудавана альтанка з мангальнай зонай, ёсць гаспадарчая пабудова.

Адзначаецца, што маёмасць арыштаваная, у дачыненні да яе дзейнічае забарона суда на ўчыненне рэгістрацыйных дзеянняў. У доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх.

Пачатковы кошт маёмасці складае 2.104.000 рублёў, аўкцыён прызначаны на 20 лістапада.

9 красавіка 2024 года з другой спробы на аўкцыёне была прададзеная трохпакаёвая кватэра Цапкала ў Мінску па адрасе вул. Чарнышэўскага, 5 агульнай плошчай 103,7 кв.м. Выніковы кошт нерухомасці склаў 395 тыс.720 рублёў 27 капеек (пачатковы — 286 тыс. 753 рублёў 76 капеек). У таргах удзельнічала тры чалавекі. У жыллі зарэгістраваны адзін чалавек.

Цапкала завочна прыгавораны да 17 гадоў пазбаўлення волі. Рашэнне па выніках закрытага працэсу вынес 7 красавіка 2023 года суддзя Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў. Пракурор запытваў на два гады больш. Цапкалу прызналі вінаватым паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Падзяліцца: