Мінск 18:20

Усходняе партнёрства ўмацавала мару беларусаў аб еўрапейская будучыні — Ціханоўская

Фота: "Позірк"

20 лістапада, Позірк. Еўрапейскі саюз з’яўляецца “адзінай жыццяздольнай альтэрнатывай “рускаму свету”, толькі еўраінтэграцыя можа забяспечыць Беларусі росквіт, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 20 лістапада ў Вене (Аўстрыя) у вітальнай прамове на I саміце Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (EaP CSF Civil Society Summit).

Паводле слоў палітыка, якія перадае яе прэс-служба, Усходняе партнёрства “ўмацавала мару беларусаў аб еўрапейскай будучыні”.

Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць працягваць і ўмацоўваць супрацоўніцтва дэмсіл з Усходнім партнёрствам. Яна заклікала падтрымліваць беларускія няўрадавыя арганізацыі, грамадскія ініцыятывы, незалежныя СМІ і культурныя праекты, якія, паводле яе слоў, “змагаюцца за выжыванне як у выгнанні, так і дома”.

“Рэсурсы, якія не могуць быць выкарыстаныя ў Беларусі Лукашэнкам, павінны быць вылучаныя на праекты грамадзянскай супольнасці для свабоднай Беларусі”, — сказала дэмлідар. Паводле яе сцвярджэння, “не толькі Беларусі патрэбная Еўропа, але і Еўропе патрэбная Беларусь”.

Праз Усходняе партнёрства неабходна “ўмацоўваць сувязі паміж людзьмі, працаваць над мабільнасцю, візамі, абменамі”, адзначыла яна.

“Дыктатары кажуць, што нас ніхто не чакае ў Еўропе. Мы павінны даказаць ім, што яны не маюць рацыю. Праз Усходняе партнёрства мы можам паслаць выразны сігнал, што дзверы Еўропы будуць адчыненыя для Беларусі, калі прыйдзе час”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Палітык таксама заклікала ўмацоўваць рэгіянальнае супрацоўніцтва па эгідай Усходняга партнёрства, бо існуе “не так шмат платформаў, дзе беларусы, украінцы, малдаване, армяне і прадэмакратычныя азербайджанцы могуць працаваць разам”.

Паводле яе слоў, неабходна “думаць маштабна”. “Пакуль дыктатар выйшаў з Усходняга партнёрства, мы, беларусы, гэтага не зрабілі. Давайце спынім практыку пустога крэсла і запросім прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі на саміт Усходняга партнёрства. Так, гэта нетрадыцыйна, але нам гэта трэба ў нетрадыцыйныя часы”, — сказала Ціханоўская.

Таксама яна заявіла пра неабходнасць падтрымкі кампаніі за вызваленне палітвязняў.

20 сакавіка ў Брусэлі на адкрыцці 11-й сесіі Парламенцкай асамблеі “Еўранэст” Ціханоўская заявіла пра неабходнасць пераасэнсаваць праграму ЕС “Усходняе партнёрства”.

Усходняе партнёрства — праект ЕС, які мае на мэце развіццё інтэграцыйных сувязяў з постсавецкімі краінамі: Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй, Малдовай і Украінай.

Беларускія ўлады прыпынілі ўдзел ва Усходнім партнёрстве ў чэрвені 2021 года ў адказ на новыя заходнія санкцыі, уведзеныя пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс, і арышту на той момант апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі, грамадзянкі Расіі Сафіі Сапегі.

Падзяліцца: