Мінск 14:40

Памілаваны яшчэ 32 асуджаныя па палітычных матывах

20 лістапада, Позірк. Памілаваны “32 асобы, асуджаныя за ўчыненне экстрэмісцкіх злачынстваў”, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі “Пул Первого”.

Удакладняецца, што гэта восем жанчын і 24 мужчыны.

Адзначаецца, што 17 чалавек маюць хранічныя захворванні, адзін з’яўляецца інвалідам, дзевяць памілаваных — старэйшыя за 50 гадоў. У 17 асуджаных ёсць дзеці, двое з іх — шматдзетныя.

Сцвярджаецца, што яны “прызналі віну, раскаяліся ў зробленым і хадайнічалі аб памілаванні”, “кантроль за іх правапаслухмянымі паводзінамі” забяспечыць МУС.

7 лістапада Лукашэнка прыняў рашэнне аб памілаванні 31 чалавека.

16 верасня ён падпісаў указ аб памілаванні 37 чалавек, асуджаных за “злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”, 4 верасня і 16 жніўня па такім жа механізме было памілавана па 30 чалавек.

У пачатку ліпеня праваабаронцы паведамлялі аб выхадзе 18 палітвязняў, які адбыўся пасля заявы Лукашэнкі аб вызваленні яго “вельмі цяжкахворых” апанентаў.

Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала адзначаў, што пасля згаданай заявы было вызвалена 14 чалавек. Сярод іх быў анкахворы старшыня Партыі БНФ (ліквідаваная ўладамі) Рыгор Кастусёў.

На 20 лістапада ў Беларусі 1.262 чалавек прызнаны палітычнымі зняволенымі.

Падзяліцца: