Мінск 16:40

Зніклыя ў Турцыі беларускія альпіністкі знойдзены жывымі

Крыніца: pixabay.com

20 лістапада, Позірк. Беларускіх сясцёр-альпіністак Валянціну і Марыю Іванковых, якія зніклі ў Турцыі, знайшлі жывымі і “ў добрым здароўі”, паведаміла Nigde Anadolu.

Беларускі былі знойдзены ў межах правінцыі Кайсеры (цэнтр Турцыі). Пра гэта паведаміў на старонцы ў сацсетцы Х губернатар адміністрацыйнай адзінкі Гекмен Чычак.

Прапалі яны ў суседняй правінцыі Нідзе.

Раней паведамлялася, што падчас пошукавых работ, якія праходзілі 20 лістапада, знайсці іх не ўдалося.

Адзначалася, што “каманды ратавальнікаў, якія адчувалі цяжкасці ў пошуку з-за таўшчыні снегу, якая месцамі дасягала 60 сантыметраў, былі зняты з месца на верталёце і дастаўлены ў навучальны цэнтр лагера Дэмірказік”.

Пошукі планавалася прадоўжыць 21 лістапада.

Пра знікненне ў Турцыі сясцёр-двайнят з Беларусі стала вядома днём 19 лістапада. Інфармацыю аб здарэнні пацвердзіла МЗС Беларусі. Паводле інфармацыі беларускага консульства ў Турцыі, дзяўчаты прыбылі ў правінцыю Нідзе з Анкары 15 лістапада, каб заняцца альпінізмам, але з 18 лістапада, калі яны мусілі вярнуцца ў турэцкую сталіцу, ад іх не паступіла ніякіх вестак.

У першы дзень пошукавых работ (19 лістапада) у іх бралі ўдзел чатыры чалавекі з пошукава-выратавальнай групы жандармерыі і 10 чалавек з упраўлення па надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў МУС Турцыі.

Падзяліцца: