Мінск 13:38

У сувязі з экстрадыцыяй былога байца ПКК з В’етнама офіс Ціханоўскай заклікаў змяніць падыходы да надання беларусам міжнароднай абароны

21 лістапада, Позірк. “Змяніць падыходы да разгляду спраў па наданні міжнароднай абароны, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставінаў кожнага асобнага выпадку”, заклікаў міжнародную супольнасць офіс Святланы Ціханоўскай у сувязі з экстрадыцыяй з В’етнама грамадзяніна Беларусі Васіля Верамейчыка.

Офіс адзначае, што Верамейчык у 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, потым пераехаў ва Украіну, дзе пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў і стварэння палка Каліноўскага служыў намеснікам камандзіра батальёна “Волат”. У 2024 годзе, пасля заканчэння службы, Верамейчык быў абраны ў Каардынацыйную раду і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх ветэранаў.

Экстрадыцыю Верамейчыка офіс Ціханоўскай назваў “прамым следствам рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, які працягвае пераследаваць апанентаў, выводзячы ўзровень рэпрэсій на міжнародны ўзровень”. Падкрэсленая неабходнасць “узмацнення міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека”, гэта павінна тычыцца не толькі тых, хто ратуецца ад рэпрэсій, але і тых, хто “абараняе будучыню Еўропы, змагаючыся на баку Украіны”.

Офіс заклікаў міжнародную супольнасць разарваць супрацоўніцтва з беларускімі сілавымі структурамі, прыпыніць дзеянне двухбаковых дамоваў з Беларуссю аб экстрадыцыі і прававой дапамозе.

У Ціханоўскай “настойліва рэкамендуюць” усім беларусам, якія знаходзяцца за межамі краіны, быць “вельмі ўважлівымі і асцярожнымі, улічваючы магчымыя дзеянні спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі”. Каб “мінімізаваць рызыку экстрадыцыі”, прапануецца звярацца з сайтам pashpart.org, дзе пазначаная актуальная ступень рызыкі знаходжання ў кожнай краіне.

“Гэта ўсё жудасная, драматычная гісторыя, якая паказвае, з якой несправядлівасцю і якімі рызыкамі сутыкаюцца беларусы. Пра В’етнам мы даведаліся занадта позна, напісалі лісты-але не паспелі”, — паведаміў у сацсетках галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, калі офіс даведаўся пра праблемы Верамейчыка і адмову літоўскіх уладаў даць прытулак, з ім звязаліся і прапанавалі дапамогу. “Васіль сказаў, што дапамога не патрэбная, што ўжо мае рашэнне, разглядаў Малдову ці Аргенціну. Абскардзіць літоўскае рашэнне не стаў і вырашыў не праходзіць праз кругі пекла ў Польшчы. Спрабаваў нібыта і ў Грузіі, потым апынуўся ў В’етнаме”, — адзначыў Вячорка.

Дарадца дэмлідара ўпэўнены, што ўсё магло быць інакш, калі б у абароне не адмовіла Літва. “Многіх людзей прызнаюць пагрозай нацбяспекі толькі за радок у біяграфіі (такой можа быць служба ў беларускім войску, нават калі гэта было даўно. — “Позірк”.). Гэта не ок”, — падкрэсліў ён.

Паводле звестак “Позірку”, пасля адмовы Літвы Верамейчык у кастрычніку беспаспяхова спрабаваў трапіць у Грузію з Турцыі.

Падзяліцца: