Мінск 14:38

Экс-каардынатар групы Канапацкай на выбарах 2020 года Грыгенча завочна асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі

Крыніца: "Вясна"

21 лістапада, Позірк. Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў грамадскага актывіста Ежы Грыгенчу да шасці гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 40.000 рублёў (1.000 базавых велічынь), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Мужчыну прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) Крымінальнага кодэкса.

Следчы камітэт 2 траўня пачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да Грыгенчы.

Грыгенча быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, пражывае ў Беластоку (Польшча), неаднаразова затрымліваўся за ўдзел у розных пратэстных акцыях яшчэ да выбараў 2020 года.

Канапацкая балатуецца на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Падзяліцца: