Мінск 14:38

МЗС Польшчы прызначыў новага ўпаўнаважанага па супрацоўніцтве з дэмсіламі Беларусі

Крыніца: старонка Адама Галаціньскага ў Х

21 лістапада, Позірк. Амбасадар Адам Галаціньскі прызначаны новым упаўнаважаным прадстаўніком Міністэрства замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, паведаміла прэс-служба намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.

Кіраўнік НАУ выказаў надзею на працяг “плённага супрацоўніцтва”, якое пачалося яшчэ падчас дзейнасці Галаціньскага на пасадзе пастаяннага прадстаўніка Польшчы ў АБСЕ.

“Гэта важнае рашэнне МЗС Польшчы, якое дэманструе пераемнасць дзейнасці, распачатай амбасадарам, спецпрадстаўніком МЗС Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Артурам Міхальскім, і сталую падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі нашымі польскімі парнёрамі”, — адзначыў Латушка.

Прызначэнне новага ўпаўнаважанага, паводле меркавання палітыка, азначае “нязменную падтрымку Польшчай памкненняў беларускага грамадства да дэмакратычных зменаў у Беларусі”.

Галаціньскі, каментуючы сваё прызначэнне, напісаў, што ганарыцца гэтым, і выказаў павагу і ўдзячнасць свайму папярэдніку Міхальскаму.

12 верасня 2023 года ўпаўнаважаным Міністэрства замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі быў прызначаны Артур Міхальскі, які быў амбасадарам у Беларусі з 15 траўня 2018 года па 31 жніўня 2023 года.

Пасада ўпаўнаважанага па супрацоўніцтве з беларускімі дэмсіламі ўведзеная загадам міністра замежных спраў Польшчы № 17 ад 29 жніўня 2023 года.

Згодна з дакументам, на ўпаўнаважанага ўскладаюцца задачы па “маніторынгу актыўнасці прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазіцыі, што знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, а таксама за мяжой”, удзелу ў “асобных нацыянальных і міжнародных мерапрыемствах, прысвечаных беларускай праблематыцы”, дапамозе ў арганізацыі “візітаў афіцыйных замежных прадстаўнікоў беларускай апазіцыі і сустрэч высокага ўзроўню з прадстаўнікамі ўладаў Польшчы”.

Упаўнаважаны павінен даваць рэкамендацыі па дзейнасці МЗС і прапаноўваць ініцыятывы ў галіне супрацоўніцтва з дэмсіламі Беларусі, у тым ліку ў плане “садзейнічання ахвярам рэпрэсій беларускага рэжыму і іх абароне” на тэрыторыі Польшчы. Ён таксама павінен дапамагаць МЗС узаемадзейнічаць з іншымі органамі ўлады і няўрадавымі арганізацыямі ў галіне супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі.

Падзяліцца: