Мінск 14:30

Дэлегацыя на чале з Кавалеўскім абмеркавала ў ААН вызваленне палітвязняў і паездкі беларусаў у ЕС

21 лістапада, Позірк. “Новыя падыходы” да вырашэння праблемы вызвалення палітвязняў абмеркавала ў Нью-Ёрку (ЗША) беларуская дэлегацыя на чале з дырэктарам Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва (АЕС), экс-прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па міжнародных справах Валерыем Кавалеўскім.

Як паведамляецца на старонцы АЕС у “Фэйсбуку”, у склад дэлегацыі ўвайшлі заснавальніца фонду “21 траўня”, экс-прадстаўніца АПК у сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова і сузаснавальніца Асацыяцыі сваякоў і былых палітвязняў Таццяна Хоміч.

Візіт у Нью-Ёрк праходзіў 18–19 лістапада. Паведамляецца аб праведзенай сустрэчы з намеснікам генеральнага сакратара ААН па пытаннях правоў чалавека Ілзэ Брандс Керыс, працоўных кансультацыях з Сакратарыятам ААН, а таксама “кантактах з дыпламатычным корпусам”.

Адзначаецца, што абмяркоўвалася “больш актыўнае задзейнічанне механізмаў ААН у Нью-Ёрку і Жэневе” для вызвалення палітвязняў. Акрамя гэтага, падымаліся тэмы “магчымых сцэнарыяў развіцця сітуацыі” ва Украіне і ролі Беларусі ў расійскай агрэсіі, меры процідзеяння РФ у яе “геапалітычных авантурах” з выкарыстаннем Беларусі, “неабходнасць аднаўлення магчымасцяў для паездак беларусаў у краіны Еўрасаюза”.

Адносна апошняга былі абмеркаваныя спрашчэнне працэдур атрымання віз, аднаўленне “нармальных умоў” перасячэння мяжы з ЕС, “аднаўленне транспартных сувязяў”.

“ААН мае ўнікальнае значэнне для сусветнай палітыкі і сёлета варта адзначыць павышаную ўвагу кіраўніцтва арганізацыі да сітуацыі ў Беларусі і вакол яе на самым высокім узроўні. Трэба захоўваць і развіваць гэты дыялог з ААН, ён мае істотнае значэнне для вырашэння сённяшніх выклікаў і для ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, якія з’яўляюцца абсалютнай каштоўнасцю для ўсіх беларусаў незалежна ад палітычных поглядаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

На старонцы АЕС у “Фэйсбуку” таксама паведамляецца, што Кавалеўскі, Гарбунова, Хоміч, а таксама заснавальніца ініцыятывы Task Force Belarus Іна Румянцава правялі 10–15 лістапада шэраг сустрэч ва ўрадавых установах Аўстрыі і Германіі.

Падзяліцца: