Мінск 13:40

Ціханоўская заклікала беларусаў “падняць хвалю” ў сусветных СМІ ў сувязі з экстрадыцыяй Верамейчыка

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

21 лістапада, Позірк. “Падняць хвалю ў сусветных СМІ”, каб пра сітуацыю з экстрадаваным у Беларусь экс-добраахвотнікам Васілём Верамейчыкам “ведалі як ва ўрадах, так і ў парламентах” розных краін, заклікала ў відэазвароце дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

На яе думку, неабходна “дамагчыся ад дзяржаў спынення супрацоўніцтва з рэжымам [Аляксандра Лукашэнкі]”. “Многія краіны ўсё яшчэ маюць пагадненні аб экстрадыцыі, супрацоўнічаюць са спецслужбамі Беларусі, як той жа В’етнам”, — адзначыла яна.

Палітык заклікала суайчыннікаў, якія знаходзяцца за мяжой, “не грэбаваць бяспекай”, вывучаць спіс краін, якія могуць перадаць іх “у рукі рэжыму”, і пазбягаць паездак туды.

Яна нагадала, што дэмсілы раней склалі спіс такіх дзяржаў.

“Кансультуйцеся з юрыстамі і праваабаронцамі, а калі пагражае небяспека, — паведамляйце, кажыце пра гэта публічна, адстойвайце свае правы ў судах, нават калі ўжо атрымалі адмову”, — заявіла Ціханоўская.

“Літаральна сёння мы размаўлялі з МЗС Літвы, каб змяніць працэдуру легалізацыі, каб яны не прызнавалі чалавека пагрозай бяспецы толькі за радок у біяграфіі. На бліжэйшай сустрэчы з кіраўніцтвам Еўрасаюза я зноў падыму гэтае пытанне. Вядома, кожная краіна прымае рашэнні па кожным выпадку індывідуальна, але што дакладна неабходна змяніць — гэта тое, што Беларусь не павінна лічыцца бяспечнай краінай”, — сказала дэмлідар.

Паводле яе слоў, дэмакратычныя сілы “занадта позна” даведаліся пра затрыманне былога добраахвотніка ў В’етнаме, гэта адбылося “літаральна за дзень да экстрадыцыі”. “Мы адразу ж звязаліся з партнёрамі, дыпламатамі, напісалі ўладам В’етнама, але беспаспяхова”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Пра экстрадыцыю з В’етнама ў Беларусь 34-гадовага былога добраахвотніка палка Каліноўскага Верамейчыка стала вядома 20 лістапада. Паводле інфармацыі “Блока Пракоп’ева-Ягорава” ў Каардынацыйнай радзе, яго сябра Верамейчык быў затрыманы ў Хашыміне 13 лістапада.

У сувязі з тым, што здарылася, Офіс Ціханоўскай заклікаў “змяніць падыходы да разгляду спраў па прадастаўленні міжнароднай абароны, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставінаў кожнага асобнага выпадку”.

Гэты заклік звязаны з тым, што Літва прызнала Верамейчыка пагрозай нацыянальнай бяспецы праз тое, што ў 2010–2016 гадах ён служыў у беларускім войску, і дала яму забарону на ўезд у ЕС на 30 месяцаў.

У Дэпартаменце дзяржбяспекі Літвы 21 лістапада заявілі, што знаходжанне Верамейчыка на тэрыторыі краіны магло “прадстаўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы”. Пры гэтым спробы “эскалацыі гэтай гісторыі” звонку могуць быць “звычайнай інфармацыйнай атакай на Літву”, лічаць у спецслужбе.

Падзяліцца: