Мінск 11:33

Лукашэнка пахваліў за ўмацаванне згоды ў краіне муфтыя Шабановіча, чыю арганізацыю ўлады летам закрылі

Архіўнае фота: агенцтва "Мінск-Навіны"

22 лістапада, Позірк. Шматгадовае служэнне старшыні Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі (МРА) муфтыя Абу-Бекіра Шабановіча з’яўляецца “пераканаўчым прыкладам вернасці свайму прызванню, любові да Усявышняга і Айчыны”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 22 лістапада гэтага дзеяча з 85-годдзем.

“Дзякуючы мудрасці і справядлівасці вы сталі духоўным лідарам мусульманскага аб’яднання Беларусі і настаўнікам для тысяч вернікаў”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

На думку Лукашэнкі, муфтый Шабановіч “сваёй нястомнай працай робіць годны ўнёсак ва ўмацаванне этнаканфесійнай згоды ў краіне, кансалідацыю грамадства на аснове высокіх маральных каштоўнасцей і агульначалавечых ідэалаў дабра”.

Сярод іншага ён зычыў юбіляру “далейшых поспехаў у яго высакароднай місіі”.

Шабановіч удзельнічае ў шматлікіх праўладных акцыях, дзяржаўныя медыя прадстаўляюць яго лідарам беларускіх мусульман. У 2017 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў яго прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. Усё гэта не перашкодзіла ўладам сёлета ўлетку ліквідаваць Беларускае грамадскае аб’яднанне татараў “Зікр уль-Кітаб”, якое ўзначальваў муфтый.

18 чэрвеня Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць іск Міністэрства юстыцыі з патрабаваннем ліквідаваць згаданую арганізацыю, які быў задаволены 4 ліпеня. Праз некалькі месяцаў, 11 верасня, аб’яднанне выключылі з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

“Зікр уль-Кітаб” існавала ў зарэгістраваным статусе з 5 ліпеня 1993 года (да 2000-га — Беларускае грамадска-культурнае аб’яднанне татараў-мусульман “Аль-Кітаб”). Разам з МРА садзейнічала будаўніцтву і аднаўленню мячэцяў, культурных цэнтраў, школ, музеяў, бібліятэк ды інш.

Каля вытокаў “Зікр уль-Кітаб” і I Усебеларускага з’езда мусульман, на падставе рашэння якога ў 1994 годзе было створанае Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне, стаяў адзін з лідараў татарскай дыяспары, вядомы гісторык Ібрагім Канапацкі (памёр 9 верасня 2005 года ва ўзросце 56 гадоў).

Летась увосень з’явілася інфармацыя пра затрыманне яго дачкі — даследчыцы, гісторыка Зарыны Канапацкай, да якой у сілавікоў узніклі прэтэнзіі за “пратэстную актыўнасць” у 2020 годзе. Цяпер Канапацкая жыве за мяжой.

Падзяліцца: