Мінск 13:54

Ціханоўская ў Канадзе выступіць на сесіі ПА НАТО, паўдзельнічае ў форуме па бяспецы

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Ціханоўскай

22 лістапада, Позірк. Выступленне з ключавымі тэзісамі на чарговай штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі НАТО (22–25 лістапада ў Манрэалі) анансавала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, якая выправілася ў Канаду.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х палітык паведаміла, што ў рамках візіту яна таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі канадскага ўрада і беларускай дыяспары, возьме ўдзел у Міжнародным форуме па бяспецы ў Галіфаксе і далучыцца да “стратэгічных кансультацый з Канадай”.

Ціханоўская некалькі разоў наведвала Канаду, у мінулы раз — сёлета ў сярэдзіне красавіка. Па выніках таго візіту галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што Атава распачынае стратэгічныя двухбаковыя кансультацыі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, аналагічныя стратэгічнаму дыялогу з ЗША. Яны будуць весціся ў трох кірунках: санкцыі, абарона правоў чалавека, падтрымка СМІ/барацьба з дэзінфармацыяй. Акрамя таго, магчымы чацвёрты кірунак — культура, нацыянальная ідэнтычнасць, дыяспара.

Вячорка дадаў, што Канада праз сваю амбасаду ў Польшчы падтрымлівае беларускія праекты, звязаныя з псіхалагічнай дапамогай палітвязням, незалежнымі СМІ, інтэграцыяй эмігрантаў, культурнымі ініцыятывамі.

Падзяліцца: