Мінск 12:35

АПК мае намер прыцягнуць міжнародную ўвагу да сітуацыі Верамейчыка

Скрыншот: відэаматэрыял тэлеканала АНТ

22 лістапада, Позірк. “Магчымыя дзеянні, скіраваныя на прыцягненне ўвагі міжнародных партнёраў” да сітуацыі з экстрадыцыяй Васіля Верамейчыка ў Беларусь, абмяркоўваліся на пасяджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) 21 лістапада, паведамляе прэс-служба палітычнай структуры.

АПК таксама мае намер звярнуць міжнародную ўвагу на праблемы легалізацыі беларусаў і неабходнасць спрашчэння адпаведных бюракратычных працэдур.

На пасяджэнні члены кабінета таксама абмеркавалі план дзеянняў па далучэнні краін-партнёраў да звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд адносна прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў, запуск маладзёжнай інтэрнэт-платформы АПК і пытанні сумеснай стратэгіі інстытутаў дэмсіл па непрызнанні прэзідэнцкіх выбараў 26 студзеня 202 гады.

21 лістапада кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам, у якім заклікала “падняць хвалю ў сусветных СМІ”, каб пра сітуацыю з экстрадаваным у Беларусь экс-добраахвотнікам Васілём Верамейчыкам “ведалі як ва ўрадах, так і ў парламентах” розных краін.

На яе думку, неабходна “дамагчыся ад дзяржаў спынення супрацоўніцтва з рэжымам” Лукашэнкі. “Многія краіны ўсё яшчэ маюць пагадненні аб экстрадыцыі, супрацоўнічаюць са спецслужбамі Беларусі, як той жа В’етнам”, — падкрэсліла яна.

Палітык заклікала суайчыннікаў, якія знаходзяцца за мяжой, “не грэбаваць бяспекай”, вывучаць спіс краін, якія могуць перадаць іх “у рукі рэжыму”, і пазбягаць паездак туды.

Дэмсілы, нагадала яна, ужо склалі спіс такіх дзяржаў.

“Кансультуйцеся з юрыстамі і праваабаронцамі, а калі пагражае небяспека, — паведамляйце, кажыце пра гэта публічна, адстойвайце свае правы ў судах, нават калі ўжо атрымалі адмову”, — заявіла Ціханоўская.

“Літаральна сёння мы размаўлялі з МЗС Літвы, каб змяніць працэдуру легалізацыі, каб яны не прызнавалі чалавека пагрозай бяспецы толькі за радок у біяграфіі. На бліжэйшай сустрэчы з кіраўніцтвам Еўрасаюза я зноў падыму гэтае пытанне. Вядома, кожная краіна прымае рашэнні па кожным выпадку індывідуальна, але што дакладна неабходна змяніць — гэта тое, што Беларусь не павінна лічыцца бяспечнай краінай”, — сказала дэмлідар.

Паводле яе слоў, дэмакратычныя сілы “занадта позна” даведаліся пра затрыманне былога добраахвотніка ў В’етнаме, гэта адбылося “літаральна за дзень да экстрадыцыі”. “Мы адразу ж звязаліся з партнёрамі, дыпламатамі, напісалі ўладам В’етнама, але беспаспяхова”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Пра экстрадыцыю з В’етнама ў Беларусь 34-гадовага былога добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага Верамейчыка стала вядома 20 лістапада. Паводле інфармацыі “Блока Пракоп’ева-Ягорава” ў Каардынацыйнай радзе, яго член Верамейчык быў затрыманы ў Хашыміне 13 лістапада.

У сувязі са здарэннем Офіс Ціханоўскай заклікаў “змяніць падыходы да разгляду спраў па наданні міжнароднай абароны, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставін кожнага асобнага выпадку”.

Заклік звязаны з тым, што Літва прызнала Верамейчыка пагрозай нацыянальнай бяспецы праз тое, што ў 2010–2016 гадах ён служыў у беларускім войску, і дала яму забарону на ўезд у ЕС на 30 месяцаў.

У Дэпартаменце дзяржбяспекі Літвы (ДДБ) 21 лістапада заявілі, што знаходжанне Верамейчыка на тэрыторыі краіны магло “ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы”. Пры гэтым спробы “эскалацыі гэтай гісторыі” звонку могуць быць “звычайнай інфармацыйнай атакай на Літву”, лічаць у спецслужбе.

Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла 21 лістапада ў Сейме, што рашэнне аб прызнанні Верамейчыка пагрозай нацбяспецы было прынятае з улікам інфармацыі, перададзенай ДДБ.

“Я не магу публічна каментаваць змест інфармацыі ДДБ. Працэсы ў Літве такія, што Дэпартамент міграцыі [пры МУС] перад прыняццем рашэння атрымлівае адпаведную інфармацыю ад нашых устаноў і прымае рашэнне на яе аснове”, — падкрэсліла Білатайце.

Падзяліцца: