Мінск 13:59

У Мазыры супрацоўнікі ДАІ стралянінай спынілі аўтамабіль нецвярозага бяспраўніка

Скрыншот: відэаматэрыял МУС

22 лістапада, Позірк. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ў Мазыры (Гомельская вобласць) выкарысталі агнястрэльную зброю, каб спыніць аўтамабіль, якім, як пасля высветлілася, кіраваў нецвярозы бяспраўнік, вынікае з інфармацыі, апублікаванай прэс-службай МУС 22 лістапада.

Паведамляецца, што 22-гадовы жыхар Брэсцкай вобласці на аўтамабілі “ВАЗ”, пабачыўшы службовы аўтамабіль, “змяніў траекторыю руху і, праігнараваўшы сігнал аб спыненні, павялічыў хуткасць”. Інспектары сталі пераследваць аўтамабіліста.

“Дзеянні парушальніка стваралі рэальную пагрозу іншым удзельнікам дарожнага руху, — гаворыцца ў паведамленні. — Супрацоўнікамі для спынення транспартнага сродку выкарыстоўвалася табельная зброя. Прыцэльным стрэлам па коле “гоншчык” быў затрыманы. <…> Медагляд паказаў 0,7 праміле алкаголю”.

Ведамства сцвярджае, што мужчыну раней неаднаразова прыцягвалі да адказнасці за кіраванне без правоў, а таксама ў стане ап’янення.

Пасля цяперашняга выпадку ў дачыненні да кіроўцы склалі шэраг адміністрацыйных пратаколаў. “Следчымі будзе дадзеная прававая ацэнка па факце паўторнага на працягу года “бяспраўнага” кіравання”, — адзначае МУС.

Раней ведамства неаднаразова паведамляла пра выкарыстанне зброі пры затрыманні.

Падзяліцца: