Мінск 10:35

За тыдзень у Беларусь уехала 2.338 грамадзян Украіны — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

22 лістапада, Позірк. За мінулы тыдзень (з 6:00 15 лістапада да 6:00 22 лістапада) у Беларусь уехала 2.328 грамадзянін Украіны (з 1 да 15 лістапада — 5.001, з 25 кастрычніка да 1 лістапада — 2.506) вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу за гэты перыяд накіравалася 3 чалавекі (3; 0), транзітам праз Польшчу — 1.917 (4.083; 2.019), Літву — 383 (867; 454), Латвію — 25 (48; 33).

Ад пачатку года ў Беларусь уехала 122.113 грамадзян Украіны: з украінскай тэрыторыі — 56, транзітам праз Польшчу — 97.380, Літву — 22.908, Латвію — 1.769.

Агулам з 24 лютага 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне расійскіх войскаў у суседнюю краіну, у Беларусь прыбылі 268.605 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.974, транзітам праз Польшчу — 195.168, Літву — 51.158, Латвію — 6.305.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” сёлета ў лютым амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак пра колькасць украінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці.

“На самой справе гаворка ідзе не пра транзітных бежанцаў або людзей, якія ўехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулку. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Паводле даных ААН на 18 лістапада, у свеце было зафіксавана амаль 6,79 млн украінскіх уцекачоў, з іх амаль 6,226 млн — у Еўропе.

Падзяліцца: