Мінск 13:44

Названыя імёны яшчэ пяці памілаваных 7 лістапада палітвязняў

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

22 лістапада, Позірк. Імёны пяці палітвязняў, якія выйшлі на волю на падставе памілавання Аляксандра Лукашэнкі 7 лістапада, назваў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала “Першы інфармацыйны” прапагандыст Юрый Васкрасенскі, паведамляе партал “Люстэрка”.

Гаворка пра Аляўціну Гудкову, Андрэя Каралёва, Ілью Талстова, Сяргея Чыжа і Сяргея Ільіна.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Гудкова была затрыманая ўвесну 2024 года і пасля прыгавораная да 1 года зняволення паводле ч. 1 ст. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) — за акцыю пратэсту, якая прайшла ўвечары 10 жніўня 2020 года ў Брэсце.

Паводле гэтага жа артыкула на пачатку года асудзілі Талстова (вынік працэсу суда невядомы).

У лютым 2024 года паводле ч. 1 ст. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу прыгаварылі Чыжа. Улетку паводле гэтага жа артыкула на 2 гады пазбаўлення волі асудзілі Каралёва.

Сяргей Ільін у студзені быў прыгавораны паводле арт. 368 (абраза прэзідэнта) на невядомы тэрмін зняволення.

Ад 3 ліпеня 2024 года ў Беларусі прайшло шэсць хваляў памілаванняў палітвязняў, агулам вызвалена 178 чалавек.

20 лістапада Лукашэнка памілаваў 32 грамадзян, “асуджаных за здзяйсненне экстрэмісцкіх злачынстваў” (8 жанчын і 24 мужчыны).

7 лістапада Лукашэнка прыняў рашэнне аб памілаванні 31 чалавека.

16 верасня ён падпісаў указ аб памілаванні 37 чалавек, асуджаных за “злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”, 4 верасня і 16 жніўня на падставе такога жа механізма было памілавана па 30 чалавек.

На пачатку ліпеня праваабаронцы паведамлялі пра выхад 18 палітвязняў, які адбыўся пасля заявы Лукашэнкі пра вызваленне яго “вельмі цяжкахворых” апанентаў. Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала казаў тады пра 14 вызваленых.

У жніўні праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляў, што Васкрасенскі тэлефануе сваякам палітвязняў з мэтай “прымусіць пісаць прашэнні аб памілаванні” на імя Лукашэнкі.

Раней беларускія дэмакратычныя сілы склалі “гуманітарны спіс” палітвязняў, якія павінныя быць неадкладна вызваленыя. Туды ўвайшло 16 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, 91 з цяжкімі захворваннямі, 65 пенсіянераў, 10 чалавек з псіхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама не менш за пяць сем’яў, у якіх у месцах пазбаўлення волі знаходзіцца кожны з бацькоў.

Падзяліцца: