Мінск 10:44

Рыжанкоў: Тэма міграцыі для заходніх суседзяў — гэта магчымасць “надзьмуць сваю палітычную ці эканамічную бурбалку”

Фота: БелТА

23 лістапада, Позірк. Тэма міграцыі для Польшчы, Літвы і Латвіі — гэта магчымасць “надзьмуць сваю палітычную або эканамічную бурбалку”, заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў на прэс-канферэнцыі па выніках сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў замежных спраў Беларусі і РФ 22 лістапада ў Брэсце.

Гэтыя краіны не праяўляюць цікавасці да абмеркавання праблемы міграцыі з Мінскам, сцвярджае ён.

Паводле Рыжанкова, краіны ЕС, якія з’яўляюцца суседзямі Беларусі, імкнуцца “паказаць усім, якія яны абаронцы, выбіць грошай з Еўрапейскага саюза, “распілаваць” гэтыя грошы”.

“Потым мы бачылі гэтыя, значыць, карупцыйныя схемы, якія перыядычна праслізгваюць па сродках масавай інфармацыі”, — сказаў Рыжанкоў.

Ён сцвярджае, што абмяркоўваць з Беларуссю праблему нелегальнай міграцыі хутчэй гатовы іншыя краіны Еўрасаюза: “Насамрэч пэўныя колы пайшлі, значыць, нейкага сустрэчнага такога намацвання сваіх падыходаў з боку краін менавіта той, назавем так, глыбіннай, старой, ці што, Еўропы, для якіх праблема нелегальнай міграцыі насамрэч сур’ёзная праблема”.

Рыжанкоў 15 лістапада на канферэнцыі ў Мінску па пытаннях нелегальнай міграцыі заклікаў краіны ЕС да дыялогу па гэтай праблеме.

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЕС прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

35.023 спробы пранікнення нелегальных мігрантаў з беларускай тэрыторыі спынілі з 1 студзеня па 19 лістапада 2024 года суседнія краіны Еўрасаюза, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз аператыўных звестак іх пагранічных службаў. Гэта на 14,5% менш, чым за аналагічны леташні перыяд (40.940).

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўразвяз праз Беларусь, таму што іх туды “пазвалі”.

Падзяліцца: