Мінск 13:50

BelPol заявіў пра адсутнасць доказаў размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі

Ваенны гарадок "Паўднёвы" ў Асіповічах
Стоп-кадр з фільма BelPol: "Позірк"

24 лістапада, Позірк. “Цяпер няма ніякай пацверджанай інфармацыі і доказаў аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі”, — заявіў прадстаўнік аб’яднання былых супрацоўнікаў сілавых структур BelPol у гадзінным фільме-расследаванні “Ядзерная зброя ў Беларусі: выкрыццё хлусні дыктатараў”, які з’явіўся на ютуб-канале аб’яднання 24 лістапада.

“Наяўнасць у лукашэнкаўскім войску АТРК (аператыўна-тактычны ракетны комплекс. — “Позірк”.) “Іскандэр” зусім не азначае, што на тэрыторыі Беларусі маецца тактычная ядзерная зброя, бо штатным узбраеннем для дадзенага комплексу з’яўляюцца ракеты з неядзернай баявой часткай. Для ракетнага комплекса “Іскандэр” распрацаваныя тактычныя ядзерныя боепрыпасы, аднак вырабленыя яны ў невялікай колькасці і ў Беларусі іх наяўнасць пакуль не зафіксаваная”, — адзначае BelPol.

Арганізацыя пацвярджае, што з лютага 2023 года з Расіі “сапраўды пачатыя пастаўкі ў Беларусь АТРК “Іскандэр-М”, ракетны комплекс стаіць на ўзбраенні 465-й ракетнай брыгады Узброеных сіл Беларусі. “Гэтая брыгада, якая мае ўмоўнае найменне вайсковая часць 61732, дыслакаваная ў Асіповічах на тэрыторыі вайсковага гарадка “Паўднёвы”, — паведамляюць аўтары расследавання.

Паводле іх інфармацыі, пасля пастаўкі другой батарэі комплексу быў створаны асобны 587-ы ракетны дывізіён 465-й ракетнай брыгады. Цяпер ён мае два дывізіёны АТРК “Іскандэр-М”, пускавыя ўстаноўкі якіх могуць выкарыстоўваць “як квазібалістычныя, так і крылатыя ракеты” — у суме чатыры пускавыя ўстаноўкі з васьмю ракетамі.

BelPol звяртае ўвагу, што летам 2023 года паведамлялася пра будаўніцтва на тэрыторыі “Паўднёвага” першага ангара для АТРК” Іскандэр”, у 2024 годзе “з’явілася інфармацыя аб узвядзенні яшчэ двух ангараў”. Будаўніцтва гэтых двух ангараў з пунктамі тэхнічнага абслугоўвання і рамонту тэхнікі АТРК каштарысным коштам 28,5 млн рублёў быццам бы прадугледжана сакрэтным указам Аляксандра Лукашэнкі № 289-З ад 20 верасня 2023 года (адрас аб’екта: вул. Рабоча-Сялянская, 1Е).

Аднак “сярод аб’ектаў, якія будуюцца на тэрыторыі ваеннага гарадка “Паўднёвы”, спецыяльнага склада для захоўвання ядзерных боепрыпасаў не маецца”, сцвярджае арганізацыя былых сілавікоў.

У расследаванні абвяргаюцца здагадкі, што склад можа быць размешчаны на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў (вайсковая частка 42707) каля вёскі Вялікая Гарожа Асіповіцкага раёна. Са слоў прадстаўніка BelPol, у 2017 годзе там пачалася рэканструкцыя, якая не звязаная з ТЯЗ.

Яшчэ адным доказам хлусні беларускіх і расійскіх уладаў аб наяўнасці ў Беларусі расійскай ТЯЗ BelPol лічыць адсутнасць на яе тэрыторыі вайсковай базы РФ, якая патрабуецца для кантролю ТЯЗ — Крэмль неаднаразова заяўляў, што ядзерную зброю кантралююць менавіта расійскія вайскоўцы. “Ацэначная колькасць [меркаванай базы] — некалькі сотняў вайскоўцаў плюс аўтатранспарт і бронетэхніка. Інфармацыі наогул ніякай няма”, — адзначаюць расследавальнікі.

Пры гэтым “доступу да выкарыстання ядзернай зброі ў менскага рэжыму няма, што б там ні сцвярджала лукашэнкаўская прапаганда”.

Крыніцы BelPol фіксавалі “перыядычную наяўнасць расійскіх вайскоўцаў”, аднак яна была звязаная з перадачай “Іскандэраў” і адгрузкай у РФ артылерыйскіх боепрыпасаў.

Гл. таксама:

Лукашэнка пацвердзіў, што ўжыванне ядзернай зброі магчымае толькі з дазволу Крамля

У выпадку нападу Украіны на Беларусь Лукашэнка зможа выкарыстоўваць ТЯЗ з дазволу Крамля — Мядзведзеў

Падзяліцца: