Мінск 17:39

За тыдзень рэзка скарацілася колькасць наведаўшых Беларусь жыхароў Латвіі — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

25 лістапада, Позірк. За апошні тыдзень (18–25 лістапада) Беларусь у бязвізавым рэжыме наведалі 3.842 жыхары еўрапейскіх краін (тыднем раней — 4.818), вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

У краіну за гэты час накіравалася 1.612 грамадзян Літвы (1.610), 470 грамадзян Польшчы (392), 1.222 грамадзяніна і неграмадзяніна Латвіі (2.252), 538 грамадзян з іншых еўрапейскіх дзяржаў (564). Такім чынам, скарачэнне колькасці візітаў адбылося ў асноўным за кошт жыхароў Латвіі.

З 15 красавіка 2022 года па 25 лістапада 2024-га Беларусь у бязвізавым рэжыме наведала 578.554 грамадзяніны Літвы, 316.156 грамадзян і неграмадзян Латвіі, 101.447 грамадзян Польшчы і 11.883 грамадзяніны з краін “пашыранага бязвізу”.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

19 ліпеня беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы. Большасць з іх рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай Міністэрства замежных спраў, гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Яны могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “па сапраўдных дакументах”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Падзяліцца: