Мінск 00:21

Суд у Славакіі пастанавіў вызваліць арыштаванага ў кастрычніку актывіста “Краіны для жыцця” Лукомскага

Дзмітрый Лукомскі
Фота: сацсеткі

25 лістапада, Позірк. Суд у Славакіі пастанавіў вызваліць арыштаванага ў кастрычніку ў гэтай краіне гомельскага актывіста супольнасці “Краіна для жыцця” Дзмітрыя Лукомскага.

Лукомскі абскардзіў у судзе рашэнне мясцовай паліцыі змясціць яго ў цэнтр утрымання замежнікаў. “Я выйграў суд! Але пакуль не на волі, бюракратычныя працэдуры”, — напісаў Лукомскі, маючы на ўвазе 10-дзённы тэрмін, на працягу якога паліцыя мае права абскардзіць рашэнне суда.

18 кастрычніка актывіст апублікаваў відэазапіс з паліцэйскага аўтамабіля, на якім кажа, што яго затрымалі за “барацьбу за правы чалавека ў Славакіі” і выкрыццё “неаднаразовых фактаў карупцыі тут”.

“Суд прызнаў, што дзеянні паліцыі былі неабгрунтаванымі і маё размяшчэнне ў цэнтры ўтрымання замежнікаў было несправядлівым. У паліцыі не было ніякіх падставаў мяне сюды змяшчаць. <…> З паліцыі прыйшоў адказ, што мае дзеянні не падпадаюць пад вызначэнне якіх-небудзь правапарушэнняў”, — паведаміў Лукомскі гомельскаму сайту “Флагшток” (працуе ў выгнанні).

Пасля вызвалення з цэнтра ўтрымання замежнікаў Лукомскі зможа вярнуцца ў лагер для бежанцаў да сваёй жонкі Віялеты Майшук. Там яны знаходзяцца падчас разгляду іх справы міграцыйнымі службамі Славакіі.

Супраць Майшук Следчы камітэт Беларусі адкрыў завочную спецвытворчасць. Яна праходзіць па арт. 3611 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, вытворчасць распачатая 12 жніўня 2024 года).

Падзяліцца: