Мінск 15:38

Паводле даных УСУ, у ноч на 26 лістапада ў бок Беларусі паляцела пяць расійскіх беспілотнікаў

Ілюстрацыйнае фота: mil.in.ua

26 лістапада, Позірк. У ноч на 26 лістапада ўкраінскія вайскоўцы выявілі 192 паветраныя цэлі, якімі Расія атакавала іх краіну, у тым ліку 4 балістычныя ракеты і 188 беспілотнікаў.

Паводле інфармацыі Паветраных сіл УСУ, на 9 гадзін раніцы збіта 76 беспілотнікаў, аднак 95 — “лакацыйна страчана”. “Пяць беспілотнікаў паляцелі ў бок Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Напярэдадні маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” паведаміла, што за суткі (з 6 гадзін раніцы 24 лістапада да 6 гадзін раніцы 25-га) было зафіксавана мінімум 38 заходаў расійскіх БПЛА ў паветраную прастору Беларусі, што стала абсалютным рэкордам. З 6 да 14 гадзін 22 лістапада, паводле інфармацыі групы, было зафіксавана не менш за 14 заходаў расійскіх дронаў у Беларусь.

Беларускія ўлады пра парушэнне расійскімі беспілотнікамі паветранай прасторы краіны традыцыйна не паведамляюць.

Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі пра залёт на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27, 28 кастрычніка, 1, 3, 10, 11, 12, 13, 20, 22, 25 лістапада.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў недасведчанасцю аператараў, адзначыўшы, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы апараты губляюць арыенцір.

“Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны”, — сказаў ён падчас паездкі ў Пінскі раён (Брэсцкая вобласць).

Паводле заявы Лукашэнкі, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць “на ўзроўні адмыслоўцаў, не выносячы ў публічнае поле”. Такія дамоўленасці нібы былі дасягнуты з абодвума бакамі.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра уварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады было выказана меркаванне, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі. Аднак на наступны дзень супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі беспілотніка, што падаў.

З ліпеня гэтага года рэсурсы, якія спецыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны прызнала факт парушэння мяжы лятучымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належалі.

Падзяліцца: