Мінск 15:30

Паводле даных МНС, 14 чалавек патанула ў Беларусі з пачатку лістапада

Крыніца: unsplash.com / Stormseeker

26 лістапада, Позірк. З пачатку лістапада ў Беларусі патанула не менш за 14 чалавек, сведчыць праведзены“Позіркам” маніторынг штодзённых зводак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

З другой дэкады месяца ў дамах і на падворках зафіксаваныя два выпадкі ўтаплення. 11 лістапада ў ванным пакоі ў доме па вул. Жылуновіча ў Мінску знойдзена цела жанчыны 1957 года нараджэння, 23 лістапада ў пітной студні ў Смаргонскім раёне (Гродзенская вобласць) — жанчыны 1928 г.н.

За гэты ж час дзве жанчыны патанулі ў штучных вадаёмах: 14 лістапада — у Гомелі (1931 г.н.), 21 лістапада — у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці (1971 г.н.).

Акрамя таго, зафіксаваныя чатыры выпадкі гібелі ў прыродным асяроддзі: 15 лістапада ў балоце ў Свіслацкім раёне (Гродзенская вобласць) было знойдзена цела мужчыны, асоба якога высвятляецца; 22 лістапада ў рацэ Беседзь у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці — трактарыста мясцовага спецлясгаса 1974 г.н., 24 лістапада ў Дняпры ў Магілёўскім раёне — мужчыны 1987 г.н., 25 лістапада ў возеры Гародна ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці — пенсіянера 1960 г.н.

Раней паведамлялася, што ў першую дэкаду патанула шэсць чалавек.

Паводле даных АСВОД на 14 кастрычніка, з пачатку года ў краіне патанула 311 чалавек, у тым ліку 20 непаўналетніх (летась — 311, 19 непаўналетніх).

Пры купанні патанула 97 (+31% да мінулага года), пры падзенні ў ваду — 147 (+47%). З агульнай колькасці патанулых 161 чалавек знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

Непасрэдна ў перыяд купальнага сезона патанула 249 чалавек, выратавана — 169, з іх 47 непаўналетніх.

Падзяліцца: