Мінск 03:27

Першае месца літаратурнай прэміі Гедройця 2024 года прысуджана Валянціну Акудовічу

Крыніца: penbelarus.org

26 лістапада, Позірк. Першае месца літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2024 года прысуджана Валянціну Акудовічу за кнігу “Трэба паказаць Сізіфа шчаслівым” (выдавецтва “Логвінаў”).

Цырымонія ўзнагароджання адбылася 26 лістапада ў Гданьску.

Журы адзначыла ў творы Акудовіча “змястоўную і шырокую панараму інтэлектуальнага жыцця Беларусі”.

Другое месца заняла Ганна Янкута за кнігу “Час пустазеля” (выдавецтва” Янушкевіч”) “за сумленнае апавяданне зацікаўленага назіральніка і ўдзельніка сучаснай гісторыі”.

Трэцяе месца прысуджана Змітру Бартосіку з кнігай “Забіць упалмінзага” (“Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода”). Аўтар адзначаны за “асвятленне беларускай гісторыі”.

Выбарам рэдакцыі “Еўрарадыё”, аднаго з партнёраў конкурсу, стаў твор “Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая” (“Янушкевіч”). Кніга будзе выдадзеная ў аўдыёфармаце.

Пасля 2020 года колькасць новых кніг, пададзеных на літаратурную прэмію Ежы Гедройця, скарацілася на траціну, было заяўлена на прэс-канферэнцыі арганізатараў цырымоніі ўручэння прэміі 12 лістапада.

Паводле іх слоў, колькасць новых кніг імкліва скарачаецца. У 2013 годзе на прэмію было пададзеныя 43 новыя кнігі, у 2014-м — 46, у 2015-м — 42. Сёлета на ўдзел у прэміі было пададзена толькі 14 кніг, а за апошнія тры гады — 50.

Прэмія Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца за найлепшую кнігу мастацкай і дакументальнай прозы на беларускай мове. Прэмію заснавалі амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў (апошнія дзве арганізацыі ліквідаваныя ў Беларусі і адроджаныя за яе межамі).

На хвалі рэпрэсій пасля 2020 года беларускія ўлады ліквідавалі ўсе асноўныя незалежныя выдавецтвы, якія выпускалі сучасную беларускую літаратуру. Многія выдаўцы вымушана эмігравалі і працягнулі сваю справу за мяжой.

Падзяліцца: