Мінск 01:20

Анджэй Пачобут знаходзіцца ў ПКТ наваполацкай калоніі

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

26 лістапада, Позірк. Журналіст, актывіст Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Анджэй Пачобут знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) калоніі № 1 Наваполацка (Віцебская вобласць), паведамляе тэлеграм-канал “Права маюць”.

Адзначаецца, што палітвязню даходзяць лісты ад блізкіх, часам да яго дапускаюць адваката.

Згодна з заканадаўствам, у ПКТ за адзін раз змяшчаюць максімум на паўгода. Колькі Пачобут прабыў у такім рэжыме ўтрымання, не ўдакладняецца.

Пра тое, что Пачобут знаходзіцца ў ПКТ, паведамлялася 26 ліпеня.

У жніўні 2023 года аб’яднанне былых сілавікоў BelPol таксама адзначала, што Пачобут знаходзіцца ў ПКТ. Тады стала вядома, што адміністрацыя калоніі адправіла яго на ўборку туалета, што па турэмных парадках перавяло б яго ў разрад зняволеных з “нізкім сацыяльным статусам”. Палітвязень адмовіўся і быў змешчаны ў ПКТ.

У памяшканні камернага тыпу зняволеным выдаюць падушку, коўдру, матрац і пасцельную бялізну. Асуджаныя могуць раз у дзень выходзіць на паўгадзінную прагулку, атаварвацца на адну базавую велічыню, атрымаць адну бандэроль або дробны пакет за паўгода, прымаць і адпраўляць лісты, карыстацца бібліятэкай, выпісваць часопісы і газеты.

У ПКТ зняволеныя могуць узяць вопратку, брытву (электрычную або механічную), кіпяцільнік, пісьмовыя і туалетныя прыналежнасці, ручнік, гадзіннік. Людзі, якія знаходзяцца ў ПКТ працуюць асобна ад іншых асуджаных.

29 жніўня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў, што для вызвалення Пачобута Польшча “спрабуе розныя ідэі”. Чыноўнік выказаў надзею, што “адна з іх нарэшце спрацуе”.

“Беларускі рэжым ведае, што рабіць, калі ён хоча паляпшэння адносін з Польшчай і Еўрапейскім саюзам”, — падкрэсліў міністр.

Імя Пачобута “усплывала” падчас перамоў па абмене зняволенымі паміж ЗША і РФ, паведаміў у эфіры TVP Info кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Сявера. “Ход такога кшталту перамоў кожны раз сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі, пра якія я не магу тут распавесці. Аднак намаганні па вызваленні спадара Пачобута працягваюцца”, — сказаў ён.

4 жніўня 2024 года намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна ў эфіры Polsat News паведаміў, што вызваленне Пачобута і іншых палітвязняў абмяркоўваецца “наўпрост з Беларуссю”.

9 жніўня ў эфіры TVN24 кіраўніца канцылярыі прэзідэнта Польшчы Малгажата Папроцка заявіла, што Пачобут “не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці туды вярнуцца”. Да меркавання палітвязня трэба ставіцца вельмі сур’ёзна, падкрэсліла яна.

Кіраўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, якая сустракалася з Пачобутам сёлета ў красавіку, заявіла ў каментарыі Rzeczpospolita 12 жніўня, што журналіст пагадзіўся пакінуць краіну ў выпадку вызвалення.

“На маю просьбу ён пагадзіўся пакінуць краіну. Анджэй выглядаў вельмі дрэнна. У мяне сэрца сціснулася”, — сказала Борыс.

8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса. Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, журналіст адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.

Пасля гэтага Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

Падзяліцца: