Мінск 03:31

СМІ: Адзін з фігурантаў справы аб нападзе на расійскага апазіцыянера Волкава атрымаў у Польшчы прытулак дзякуючы “Хартыі’97”

27 лістапада, Позірк. Расійскі юрыст Анатоль Бліноў, затрыманы ў Польшчы паводле справы аб нападзе на апазіцыянера Леаніда Волкава, атрымаў у гэтай краіне статус уцекача дзякуючы лісту беларускага партала “Хартыя’97”, паведамляе “Медыязона”.

Другой падставай для атрымання статусу сталі ахвяраванні сумай 10 тыс. долараў расійскаму Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК), заснаванаму палітыкам Аляксеем Навальным, адзначае СМІ.

Пацярпелы па справе Волкаў узначальваў ФБК да сакавіка 2023 года.

Сцвярджаецца, што Польшча прызнала Блінова ўцекачом у верасні мінулага года.

“Медыязона” заяўляе, што інфармацыя пра ліст “Хартыі” змяшчаецца ў перапісцы Блінова з расійскім бізнесменам, апазіцыйным палітыкам і былым саўладальнікам кампаніі ЮКАС Леанідам Неўзліным. Пры гэтым “Хартыя”, як адзначаецца ў публікацыі, спансуецца фондам Cooperation for Democracy Foundation, заснаваным Неўзліным.

Паводле звестак медыя, усяго ў справе восем абвінавачаных. Акрамя Блінова, гэта грамадзянін Беларусі (знаходзіцца пад вартай), а таксама “шасцёра палякаў-выканаўцаў”. Адзначаецца, што грамадзяне Польшчы супрацоўнічаюць са следствам і знаходзяцца на волі.

“Сам Бліноў паказанняў пакуль не дае. У канцы лістапада праз адваката ён перадаў публічны зварот да [расійскага апазіцыйнага палітыка, заснавальніка кампаніі ЮКАС] Міхаіла Хадаркоўскага, у якім напісаў, што знаходзіцца пад арыштам “з прычыны наўпроставага агавору грамадзянінам Беларусі і інфармацыйнай хлусні, якая распаўсюджваецца грамадзянінам Расіі”, — паведамляецца ў матэрыяле.

Напад на Волкава, былога кіраўніка штабоў памерлага ў зняволенні Навальнага, адбыўся 12 сакавіка ў Вільнюсе. Ён атрымаў розныя траўмы, уключаючы пералом рукі. Невядомы спрабаваў збіць яго малатком.

26 верасня паведамлялася, што адным з затрыманых па справе з’яўляецца грамадзянін Беларусі Віктар П., якога падазраюць у здзяйсненні трох злачынстваў, у тым ліку паводле арт. 18 і арт. 119 Крымінальнага кодэкса Польшчы.

Артыкул 119 (дыскрымінацыя) тычыцца гвалтоўных дзеянняў або пагроз на падставе нацыянальнай, этнічнай, расавай, палітычнай ці рэлігійнай прыналежнасці або яе адсутнасці.

Артыкул 18 — аб формах саўдзелу ў злачынстве.

19 красавіка прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск напісаў у сацсетцы Х, што забойства Волкава замовіў двум палякам беларус, “які працуе на расіян”, ён затрыманы.

“Нападнікі таксама ўжо затрыманыя. Яны звязаныя з коламі фанатаў ультрас”, — адзначыў Туск.

Кіраўнік урада падкрэсліў, што “ніякай ласкі да супрацоўнікаў расійскіх службаў не будзе”. Любая “здрада і спроба дэстабілізацыі” будуць “выпальвацца жалезам”, падкрэсліў ён.

Паведамлялася, што польская пракуратура сумесна з Агенцтвам унутранай бяспекі вядуць шматпланавае расследаванне ў сувязі з нападамі на расійскіх апазіцыянераў, пераважна звязаных з ФБК. Справа тычыцца нападаў на расійскіх актывістаў як у краінах Еўропы, так і ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы.

Раней стала вядома, што Бліноў быў затрыманы ў Польшчы 13 верасня. Пракуратура выставіла яму тры абвінавачванні, у тым ліку ў збіцці Волкава “з прычыны яго нацыянальнай палітычнай прыналежнасці і палітычнай дзейнасці”. Бліноў арыштаваны на тры месяцы.

ФБК заяўляе, што замах на Волкава 12 сакавіка 2024 года быў замоўлены Неўзліным.

Ён, у сваю чаргу, яшчэ 5 жніўня накіраваў у літоўскую паліцыю заяву, у якой сцвярджае, што Бліноў наўмысна стварае ўражанне, што за нападам на Волкава стаіць Неўзлін.

“Хартыя’97” — навінавы інтэрнэт-партал. Заснаваны ў 1998 годзе журналістам Алегам Бябеніным (пайшоў з жыцця 3 верасня 2010-га). Неаднаразова падвяргаўся блакаванню ў Беларусі, працуе ў выгнанні.

У жніўні 2022 года прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: