Мінск 18:36

Ціханоўская: У дачыненні да калійных угнаенняў Канада асабліва дапамагла

Калійныя ўгнаенні
Ілюстратыўны малюнак: clearerimages.com

27 лістапада, Позірк. Аб прыцягненні рэжыму да адказнасці праз падтрымку Канадай звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд (МУС) справы супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі заклікала 26 лістапада падчас брыфінгу з удзелам амбасадараў краін Еўрасаюза ў Атаве (Канада) дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

На яе думку, “існуе неабходнасць заклікаць да выключэння рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі з сістэмы “Інтэрпола” і спыніць любыя пагадненні аб экстрадыцыі і дэпартацыі, бо рэжым карыстаецца імі для палітычных пераследаў”. Гэта даказваюць сітуацыі з затрыманым па лініі “Інтэрпола” рэжысёрам Андрэем Гнётам і экстрадаваным з В’етнама экс-байцом палка Каліноўскага Васілём Верамейчыкам, лічыць палітык.

Гаворачы аб санкцыях, дэмлідар адзначыла, што яны “не панацэя, але з’яўляюцца эфектыўным інструментам паслаблення Лукашэнкі”, што, у сваю чаргу, аслабляе і Уладзіміра Пуціна. Найбольш балючымі для мінскага рэжыму, паводле яе слоў, з’яўляюцца санкцыі ў дачыненні да ваенна-прамысловага комплексу, нафтахіміі, банкаўскага сектара і калійных угнаенняў.

“У адносінах да калійных угнаенняў Канада асабліва дапамагла. Пастаўляючы больш калію на сусветны рынак, Канада істотна падарвала адну з ключавых крыніц даходаў Лукашэнкі”, — адзначыла Ціханоўская.

Яна ў чарговы раз заклікала “ізалюючы рэжым, падтрымаць народ”, узмацніўшы мабільнасць беларусаў, выдаючы больш віз і падтрымліваючы іх сувязь з Еўропай, падтрымліваць таксама незалежныя СМІ, грамадзянскую супольнасць і праваабаронцаў, беларускую культуру і мову.

Дэмакратычны лідар у той жа дзень выступіла ў канадскім парламенце перад камітэтамі па замежных справах і камітэтам па правах чалавека. У слуханнях прынялі ўдзел дэпутаты як кіруючай партыі, так і апазіцыі.

Ціханоўская заклікала дэпутатаў узяць шэфства над палітвязнямі, далучыцца да групы сяброў Беларусі, якія працуюць ужо ў парламентах 24 краін, выступіць з заявай аб непрызнанні “так званых выбараў 2025 года” і дапамагчы канадскім беларусам у вырашэнні пытанняў легалізацыі.

Асобна дэмлідар правяла сустрэчу з дыяспарай і экспертамі, сярод якіх былі дыпламаты, чыноўнікі і палітыкі, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

26 лістапада ў Атаве прайшоў першы раунд стратэгічных кансультацый паміж Канадай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, на якіх абмяркоўвалася падтрымка незалежных СМІ, прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, прызначаныя ім на студзень 2025 года прэзідэнцкія выбары і ваенна-палітычная абстаноўка.

30 верасня ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МУС матэрыялы аб “трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Вільнюс патлумачыў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце ў МУС літоўскі ўрад адзначыў: “Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 года і да гэтага часу супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі па загадзе высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і ваенных чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераследы і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў МУС шляхам далучэння да звароту.

Санкцыі Захаду адносна калійных угнаенняў, якія з’яўляюцца адным з ключавых экспартных напрамкаў Мінска, уведзены ў 2021–2022 гадах.

Падзяліцца: