Мінск 15:28

Латушка: Ніхто нікога не будзе “вешаць на слупах”, як намагаецца запужаць чыноўнікаў Лукашэнка

Фота: АПК

27 лістапада, Позірк. Калі прадстаўнік наменклатуры не здзяйсняў злачынстваў і не займаўся рэпрэсіямі, ён павінен разумець, ніхто нікога не будзе “вешаць на слупах”, як намагаецца запужаць чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыў падчас экспертнага мерапрыемства “Шляхі выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі на прыкладзе польскага Круглага стала” ў Варшаве кіраўнік Народнага антыкрізіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.

Паводле ягоных словаў, якія цытуе прэс-служба АПК, “тыя, хто здзяйсняў цяжкія злачынствы, павінны разумець, што адказнасць за іх будзе непазбежнай”.

Згодна з данымі неназваных сацапытанняў, на якія спаслаўся палітык, 97% беларусаў хочуць жыць у незалежнай краіне: “І я ведаю, што падобныя настроі ёсць і ў значнай часткі наменклатуры. Падчас працы міністрам і дыпламатам у мяне быў досвед узаемадзеяння з тымі, хто сёння займае ключавыя пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання”.

“Умацаванне пазіцыі дэмакратычных інстытутаў і беларускага дэмакратычнага грамадства, а з іншага боку — гатоўнасць эліт да вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі — перадумовы для правядзення любых перамоў. Любыя перамоўныя працэсы могуць адбывацца толькі пры ўмове адсутнасці ў ім Лукашэнкі ў якасці суб’екта. Бо Лукашэнка не пойдзе на перамовы, а эліты будуць баяцца гэта рабіць, пакуль Лукашэнка кантралюе ўладу”, — адзначыў Латушка.

Палітык мяркуе, што “асабліва важна быць падрыхтаванымі да такіх падзей: унутраны ціск, моцныя дэмакратычныя інстытуты і надзейныя знешнія партнёры, якія ў крытычны момант будуць гатовыя падтрымаць дэмакратычныя памкненні беларусаў”.

Сярод патэнцыйных шляхоў транзіту ўлады ў Беларусі можа разглядацца дыялог паміж уладнымі элітамі (той часткай, якая не здзяйсняла злачынстваў) і дэмакратычнымі сіламі праз фармат “круглага стала” або перамоваў, гаворыцца ў рэлізе.

Гэты сцэнар забяспечвае мірнае вырашэнне канфлікту, дзе зацікаўленыя бакі прыходзяць да кампрамісу, што можа ўключаць у сябе палітычныя рэформы, новыя выбары ці іншыя крокі па дэмакратызацыі. Адзначаецца, што гэтым працэсам была прысвечана дыскусія ў рамках мерапрыемства.

Перамовы ў фармаце “круглага стала” адбыліся ў Польшчы ў 1989 годзе паміж камуністычнымі ўладамі і апазіцыяй і прывялі да трансфармацыі грамадска-палітычнага ладу ў краіне.

Падзяліцца: