Мінск 01:44

У ноч на 27 лістапада ў бок Беларусі зноў ляцелі расійскія беспілотнікі — УСУ

27 лістапада, Позірк. У ноч на 27 лістапада ўкраінскія вайскоўцы выявілі 89 ударных беспілотнікаў, якімі Расія атакавала іх краіну, пяць з іх затым паляцелі ў бок Беларусі, РФ і часова акупаваных тэрыторый Украіны, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

Адзначаецца, што атака пачалася а 19.30 26 лістапада, паводле стану на 9 гадзін раніцы 27 лістапада было збіта 36 беспілотнікаў, 48 — “лакацыйна страчана”.

Маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” сцвярджае, што ў ноч на 27 лістапада расійскія беспілотнікі заходзілі ў Беларусь як мінімум двойчы: першы раз — а 23:46 у раёне вёскі Ніжнія Жары (Камарынскі сельсавет Брагінскага раёна Гомельскай вобласці), курсам на Чарнобыль, другі — курсам на вёску Асарэвічы ў тым жа Брагінскім раёне а 02:34.

Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі аб залёце на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27, 28 кастрычніка, 1, 3, 10, 11, 12, 13, 20, 22, 25 і 26 лістапада.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Павел Муравейка ў апублікаваным 26 лістапада інтэрв’ю выданню Адміністрацыі прэзідэнта “СБ. Беларусь сегодня” заявіў, што мірнае неба гэта сярод іншага — “калі не чакаеш прылёту беспілотнікаў”.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна, украінскія яны ці расійскія.

Залет БПЛА Лукашэнка патлумачыў неспрактыкаванасцю аператараў, адзначыўшы, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы апараты губляюць арыенцір.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады была выказана здагадка, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі. Аднак на наступны дзень супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРа” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі беспілотніка, які падаў.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў было збіта над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны прызнала факт парушэння мяжы лятальнымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належалі.

Падзяліцца: