Мінск 11:50

Віцэ-спікер польскага Сената паабяцаў заняцца праблемамі беларускіх студэнтаў

Фота: "Парламенцкі канал"

27 лістапада, Позірк. Віцэ-маршалак (віцэ-спікер) Сената і сябра дэпутацкай групы “За дэмакратычную Беларусь” польскага парламента Міхал Каміньскі паабяцаў асабіста разабрацца з праблемай беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў краіне, паведамляе “Парламенцкі канал” па выніках сустрэчы палітыка з дарадцам дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам.

Праблемы беларусаў, якія навучаюцца ў Польшчы, сталі часткай дыскусіі і сустрэчы з Каміньскім. Як паведамляе канал, гаворка ідзе аб прызнанні беларускіх дыпломаў у Польшчы: студэнты атрымліваюць адмовы ў настрыфікацыі ад кураторыяў адукацыі. “Адмаўляюць у першую чаргу праз адсутнасць сертыфікатаў ЦТ/ЦЭ (цэнтралізаванае тэставанне, цэнтралізаваны экзамен. — “Позірк”.). Але гэта патрабаванне супярэчыць польскаму заканадаўству”, — адзначае “Парламенцкі канал”.

Падкрэсліваецца, што ў кожнага куратара свае патрабаванні, “часам яны зусім абсурдныя”, як, напрыклад, патрабаванне апастылю. Каміньскі “паабяцаў асабіста разабрацца з праблемай”, у тым ліку дамагчыся скасавання абавязковай наяўнасці сертыфікатаў ЦТ/ЦЭ, а таксама спрасціць і ўніфікаваць патрабаванні кураторыяў адукацыі.

У Польшчы пражывае звыш 300 тыс. беларускіх грамадзян, у краіне навучаецца больш за 12 тыс. студэнтаў з Беларусі.

10 ліпеня Каміньскі сустракаўся з дэлегацыяй беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Польшчы. Абмяркоўваліся тэмы вызвалення стыпендыятаў праграмы Каліноўскага ад платы за навучанне ў мясцовых універсітэтах, магчымасці для беларускіх студэнтаў афармляць візавыя запрашэнні для сваіх сем’яў, праблемы з выдачай апастылю для неабходных дакументаў у Беларусі.

Тады бакі дамовіліся “арганізаваць сустрэчу на высокім узроўні з прэзідыумам канферэнцыі рэктараў польскіх універсітэтаў”. Сцвярджалася, што МЗС Польшчы “працуе ў кірунку спрашчэння працэдур для беларусаў”.

Падзяліцца: