Мінск 12:59

Лукашэнка зноў запрасіў у Беларусь прэзідэнта Маўрытаніі

Прэзідэнт Маўрытаніі Махамед ульд аш-Шэйх аль-Газуані
Крыніца: старонка палітыка ў сацсетцы Х

28 лістапада, Позірк. Наспеў час вывесці партнёрства Беларусі і Маўрытаніі на “якасна новы ўзровень”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 28 лістапада прэзідэнта гэтай краіны Махамеда ульд аш-Шэйха аль-Газуані з Днём незалежнасці.

“Гэтая дата назаўжды звязаная з вызваленнем маўрытанскага народа ад ярма капіталізму і ўступленнем у новую эру развіцця, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Цяпер Маўрытанія трымае курс на ўмацаванне сваёй эканомікі, з’яўляецца ўдзельнікам рэгіянальных і глабальных працэсаў”.

Лукашэнка пацвердзіў раней адрасаваную маўрытанскаму прэзідэнту прапанову наведаць Беларусь. “Упэўнены, вынікі нашых перагавораў і ваша асабістае знаёмства з беларускімі досведам і кампетэнцыямі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, ахове здароўя, будаўніцтве, адукацыі, медыцыне стануць пазітыўным сігналам для дзелавых колаў абедзвюх краін і дапамогуць пашырыць узаемадзеянне паміж Беларуссю і Заходняй Афрыкай”, — адзначыў ён.

Сёлета напрыканцы траўня віншавальнік ужо запрашаў аль-Газуані ў Беларусь — як старшыню Афрыканскага саюза, каб абмеркаваць “шырокае кола пытанняў міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня”. Мінск, сказаў ён тады, гатовы “плённа супрацоўнічаць з Афрыканскім саюзам і яго дзяржавамі-членамі”, а таксама “зрабіць свой унёсак у поспех Афрыканскага Рэнесансу, падтрымліваць правы народаў на самавызначэнне і абарону свайго суверэнітэту”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Ісламскай Рэспублікай Маўрытанія ўсталяваныя 6 ліпеня 2004 года.

15 чэрвеня 2024 года Лукашэнка прыняў даверчыя граматы шэрагу замежных дыпламатаў, у тым ліку амбасадара Маўрытаніі ў Беларусі (па сумяшчальніцтве) Махамеда Махмуда Дахі.

Падзяліцца: