Мінск 17:00

Журналіста Карнея будуць судзіць за “непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі”

Архіўнае фота: "Радыё Свабода"

28 лістапада, Позірк. Суд Шклоўскага раёна (Магілеўская вобласць) 11 снежня разгледзіць справу 56-гадовага палітвязня, журналіста Ігара Карнея паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі), вынікае з раскладу на партале электроннага судаводства.

Працэс будзе весці суддзя Аляксандр Тараканаў, які ўключаны ў санкцыйны спіс Еўрасаюза.

Карней адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, журналіста некалькі разоў змяшчалі ў памяшканне камернага тыпу.

28 чэрвеня мужчыну ўнеслі ў пералік “асоб, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

22 сакавіка Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Ігара Карнея да 3 гадоў пазбаўлення волі. Суддзя Сяргей Кацар прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 3611 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).

Карнея затрымалі 17 ліпеня 2023 года, у яго доме прайшоў вобшук. Яго арыштавалі на 10 сутак нібыта за падпіску на “экстрэмісцкія” рэсурсы, але праз узбуджэнне крымінальнай справы на волю ён не выйшаў.

Доўгі час Карней супрацоўнічаў з незалежнымі медыя.

Падзяліцца: