Мінск 16:51

Рыжанкоў з трыбуны АДКБ выказаў занепакоенасць ростам сіл НАТО ля межаў Беларусі

Фота: прэс-служба МЗС

28 лістапада, Позірк. Занепакоенасць “актывізацыяй дзейнасці” краін НАТО на “заходніх рубяжах” Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і “нарошчваннем наступальнага патэнцыялу альянсу ў непасрэднай блізкасці да межаў Беларусі” выказаў кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў 28 лістапада ў Астане (Казахстан).

Паводле інфармацыі прэс-службы знешнепалітычнага ведамства, чыноўнік выступіў ад імя беларускай дэлегацыі на сумесным пасяджэнні саветаў міністраў замежных спраў і міністраў абароны, а таксама Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ.

Сярод іншага Рыжанкоў заявіў пра “беспрэцэдэнтны рост напружанасці ў рэгіёне і свеце ў цэлым, абвастрэнне ўзброеных канфліктаў і мілітарызацыю міжнародных стасункаў”. Ён заклікаў “інтэнсіфікаваць намаганні па дээскалацыі напружанасці і паглыбленні прадметнага дыялога па пабудове архітэктуры роўнай і непадзельнай бяспекі на еўразійскай прасторы ў рамках фармавання новага шматпалярнага светаўладкавання”.

Прадстаўнік беларускай дэлегацыі заявіў пра “значную ролю” АДКБ у пытаннях “умацавання бяспекі і стабільнасці на еўразійскай прасторы”, а таксама “гарантавання бяспекі сваіх дзяржаў-членаў”. На яго думку, важна “сумесная салідарная праца ў рамках АДКБ у мэтах эфектыўнага супрацьстаяння сучасным выклікам і пагрозам бяспецы”.

Паводле інфармацыі МЗС, на пасяджэнні былі прынятыя заявы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін АДКБ пра сітуацыю ў Афганістане, у сувязі з 20-годдзем атрымання блокам статусу назіральніка ў Генасамблеі ААН, а таксама шэраг дакументаў “па ўмацаванні вайсковага складніка” арганізацыі.

“Міністры замежных спраў, міністры абароны і сакратары саветаў бяспекі дзяржаў — членаў АДКБ таксама ўхвалілі шэраг дакументаў па актуальных пытаннях развіцця і ўдасканалення арганізацыі ў палітычнай, вайсковай і вайскова-тэхнічнай сферах, якія былі перададзеныя на разгляд сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: