Мінск 17:38

Amnesty International заклікае грамадскасць патрабаваць вызвалення Калеснікавай

Сустрэча палітзняволенай Марыі Калеснікавай з бацькам 12 лістапада 2024 года ў гомельскай калоніі
Фота: тэлеграм-канал Рамана Пратасевіча

28 лістапада, Позірк. Палітзняволеная Марыя Калеснікава стала адной з гераінь глабальнай кампаніі “Мафафон лістоў”, арганізаванай міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International.

“Сёння Марыя знаходзіцца ў ізаляцыі, ва ўмовах, якія пагражаюць яе здароўю, і практычна пазбаўленая магчымасці размаўляць з сям’ёй і адвакатамі, — канстатавалі праваабаронцы. — Больш за год сям’я не атрымлівала ад яе вестак і толькі нядаўна бацька Марыі змог яе наведаць у калоніі. Цяпер Марыя знаходзіцца ў медыцынскім блоку”.

Арганізацыя заклікала грамадскасць падпісаць петыцыю з патрабаваннем вызваліць Калеснікаву.

Раней “Позірк” паведамляў, што 12 лістапада палітзняволеная сустрэлася з бацькам у гомельскай калоніі. Спатканне доўжылася каля паўтары гадзіны. Паводле слоў бацькі, яго дачка адчувала сябе “бадзёрай, прыгожай”, яе стан не выклікала асцярог.

“Што да нашых з ёй адкрыццяў, то тут было шмат часу нададзена сямейным пытанням: сваякі, сябры, блізкія. Ну і, канешне, мы не абышлі тэму цяперашняй сітуацыі. Я пастараўся данесці да яе тыя змены, якія адбываюцца, і расказаць пра акно магчымасцяў, дзякуючы чаму адбылася наша сустрэча”, — сказаў мужчына.

“Пра астатняе”, дадаў ён, Марыя Калеснікава “будзе разважаць, будзе думаць”.

У інтэрв’ю “Бі-бі-сі” 23 кастрычніка ў Казані (РФ), дзе праходзіў саміт БРІКС, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць разгледзець прашэнне Калеснікавай аб памілаванні.

Журналіст Стыў Розенберг спытаў, чаму ў яе ўжо працяглы час “няма допуску да сям’і”. “Якой сям’і? — адрэагаваў Лукашэнка. — А дзе яе сям’я, вы хоць ведаеце? Вы нават не ведаеце, што за сям’я. Папрасіў бацька яе наведаць. Калі ласка, ідзі. Ён быў. Гэта сям’я? Нехта яшчэ хоча з родных, блізкіх наведаць яе, будзе просьба — мы яе разглядзім”.

“Там, магчыма, такая сям’я, што ім, можа, і нецікава, як вам, наведаць Марыю Калеснікаву. “Так”, “не” — гэта будзе відаць потым”, — сказаў Лукашэнка.

Сястра Калеснікавай сузаснавальніца Асацыяцыі сваякоў і былых палітвязняў Таццяна Хоміч заявіла “Позірку”, што сям’я вітае гатоўнасць разгледзець заяву аб памілаванні.

Прыгавораная 6 верасня 2021 года да 11 гадоў пазбаўлення волі Марыя Калеснікава была спікерам і кіраўніком выбарчага штаба былога старшыні праўлення “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыка на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Пасля затрымання экс-банкіра далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц Аб’яднанага штаба разам з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы.

У лістападзе 2022 года Калеснікаву экстрана прааперавалі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды даставілі ў цяжкім стане. У палітзняволенай дыягнаставалі перытаніт (запаленне брушыны), які стаў ускладненнем прабадной язвы. Тады ж яна апошні раз бачылася з бацькам — ён наведваў яе ў медчастцы.

Праз інфармацыйную блакаду (рэжым інкамунікада) звестак пра стан Калеснікавай не было больш за паўтара года. Заклапочанасць сітуацыяй неаднаразова выказвалі дэмакратычныя краіны Захаду.

Падзяліцца: