Мінск 19:31

Беларусь выдала Расіі яе грамадзянку, якая падазраецца ў дапамозе ў махлярстве

28 лістапада, Позірк. Генеральная пракуратура Беларусі задаволіла просьбу Генеральнай пракуратуры РФ аб выдачы грамадзянкі Расіі 1978 года нараджэння для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за дапамогу ў махлярстве, учыненым групай асоб у асабліва буйным памеры, паводле ч. 5 арт. 33 і ч. 4 арт. 159 КК РФ, паведаміла беларускае нагляднае ведамства.

Паводле інфармацыі беларускай Генпракупратуры, абвінавачаная ў 2022 годзе аказала садзейнічанне злачыннай групе, якая займалася крадзяжом сродкаў лізінгавай арганізацыі, у выніку супрацьпраўнай дзейнасці юрыдычнай асобе нанесены ўрон у суме, эквівалентнай 5,5 млн беларускіх рублёў.

Адзначаецца, што Дэпартамент выканання пакаранняў МУС перадаў абвінавачаную “кампетэнтным органам РФ”.

На пасяджэнні аб’яднанай калегіі генеральных пракуратур Беларусі і Расіі, якое адбылося 1 лістапада ў Мінску, адзначалася, што ў 2023 годзе і першым паўгоддзі бягучага года ў Беларусі ўстаноўлена месцазнаходжанне 140 асоб, якія адшукваюцца праваахоўнымі органамі Расіі.

Пры гэтым за аналагічны перыяд на тэрыторыі Расіі ўстаноўлена месцазнаходжанне больш за 1 тыс. злачынцаў, якія адшукваюцца ў Беларусі”.

Падзяліцца: