Выйшаў “патрыятычны” падручнік па філасофіі
28 лістапада, Позірк. Прэзентацыя новага падручніка па філасофіі для студэнтаў ВНУ, створанага на патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі, адбылася 27 лістапада ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы.
Яго “прынцыповай асаблівасцю” адзін з аўтараў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня праўладнай партыі “Белая Русь” Алег Раманаў, назваў тое, што “матэрыял выкладаецца ў патрыятычнай парадыгме” (цытата па дзяржСМІ).
Паводле Раманава, у дапаможніку нададзена “падвышаная ўвага дасягненням рускіх і беларускіх філосафаў”, яго тэкст “накіраваны на абуджэнне ў моладзі пачуцця гонару за сваю культуру, гісторыю, дасягненні народа”, таму ў падручніка “не толькі асветніцкая, але і выхаваўчая функцыя” .
У дапаможніку, як паведамляецца на сайце ГрДУ, “аўтары звяртаюць увагу на трансфармацыю праблем сучаснай філасофскай думкі ў сферы геапалітыкі, культуры і навукі першай чвэрці XXI стагоддзя”.
Раманаў, у сваю чаргу, заявіў, што навучальны дапаможнік дазваляе “ў дэталях азнаёміцца з філасофскай праблематыкай нашых дзён”, у прыватнасці, “пераходам цывілізацыі на новы этап посткапіталізму, пераадоленнем выклікаў глабалізацыі, штучным інтэлектам, антрапалагічным крызісам, трансгуманізмам”.
49-гадовы на дадзены момант Раманаў скончыў ГрДУ, ягоную аспірантуру, дактарантуру Інстытута філасофіі НАН Беларусі. Доктар філасофскіх навук, прафесар.
У 2001 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю “Сацыялізацыя асобы ва ўмовах грамадскай трансфармацыі”, у 2015-м — доктарскую на тэму “Усходнеславянская цывілізацыя як суб’ект сучасных глабальных сацыяльных трансфармацый”.
13 лютага на нарадзе з кіраўнікамі вышэйшых навучальных устаноў Лукашэнка раскрытыкаваў падручнік ВНУ па філасофіі свайго малодшага сына Мікалая, назваўшы кнігу “хламам”, і запатрабаваў напісаць падручнікі “нармальнай мовай”.
У сакавіку на сустрэчы, прымеркаванай да 30-годдзя Канстытуцыі Беларусі, ён нагадаў аб сваім патрабаванні стварыць “добрыя падручнікі па філасофіі, якія былі б не горшыя, чым у часы савецкага перыяду”.
Тады ж Раманаў далажыў Лукашэнку, што новы падручнік па філасофіі “з улікам раней зробленых заўваг” падрыхтаваны і знаходзіцца ў Міністэрстве адукацыі.
27 жніўня міністр адукацыі Андрэй Іванец на Рэспубліканскім педагагічным савеце ўручыў Лукашэнку новы падручнік па філасофіі.
Пасля падзеяў 2020 года ўлады пачалі праводзіць спешную ідэалагізацыю адукацыі. Так, у Беларусі практычна поўнасцю перапрацаваны праграмы адукацыі і выхавання дзяцей у дашкольных установах адукацыі, адным з прыярытэтаў якіх стала “выхаванне паважлівых адносін да нашай краіны”, заявіў 2 кастрычніка Іванец.
У жніўні міністэрства зацвердзіла вучэбную праграму факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” для школьнікаў 8–9-га класаў. Праграма распрацавана ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой.
У тым жа месяцы Мінадукацыі прыняло праграму факультатыўных заняткаў “Гатовы Радзіме служыць!” для навучэнцаў 10–11-га класаў агульнаадукацыйных школ, на якіх сярод іншага будуць навучаць “вядзенню допыту і вочнай стаўкі”.
У красавіку Мінадукацыі зацвердзіла вучэбную праграму факультатыўных заняткаў “Азбука маральнасці” для навучэнцаў 2–3-х класаў. Сярод патрабаванняў да вынікаў факультатыўных заняткаў у 2-х класах — засваенне правілаў паводзін пры выкананні гімна Беларусі, атрыманне ведаў аб паходжанні асноўных дзяржаўных сімвалаў, маральных пачуццях, маральных якасцях чалавека і інш.
Раней Іванец паведамляў, што распрацоўваецца дапаможнік па дысцыпліне “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” і для 11-га класа. Ён таксама адзначаў, што па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі быў “праведзены поўны аналіз падручнікаў гуманітарнага профілю”.
5 снежня 2023 года на пасяджэнні Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзідэнта быў агучаны намер у наступным навучальным годзе зрабіць абавязковым для вывучэння школьнікамі прадмет “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”.
У 2023 годзе выдадзены падручнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. З 2023 года з’явіліся адпаведныя дапаможнікі асобна для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х класаў.
Пры гэтым беларускія ўлады праводзяць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
У 2022 годзе адбыліся змены ў школьнай праграме. Сярод іншага ў школьным адукацыйным працэсе сталі выкарыстоўваць інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы крымінальнага расследавання аб “генацыдзе беларускага народа”, прадстаўленыя Генпракуратурай.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПатрэбныя шырокія грамадскія слуханні аб праблемах беларускіх добраахвотнікаў — кіраўнік клуба "Ліцвіны"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаБеларусам, якія ваявалі ва Украіне, і іх сем'ям патрэбная дапамога і разуменне грамадства і дзяржаў — КлачкоМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваУ 6% жыхароў Беларусі маецца інваліднасць (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+