Мінск 19:31

Парламентарыі падчас сустрэч з насельніцтвам спекулююць на тэме выбараў і “мірнага неба”

Збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Крупках (Мінская вобласць)
Фота: "Мінская праўда"

28 лістапада, Позірк. Члены Савета Рэспублікі падчас сустрэч з насельніцтвам спекулююць на тэме прэзідэнцкіх выбараў і дэ-факта ўвязваюць абранне Аляксандра Лукашэнкі з адсутнасцю вайны ў краіне, вынікае з матэрыялаў прэс-службы верхняй палаты парламента.

Член пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ігар Сяргееў на “дыялогавай пляцоўцы” з моладдзю “Моцны лідар — моцная дзяржава” 26 лістапада ў Касцюковічах (Магілёўская вобласць) заявіў, што “сёння асабліва важная згуртаванасць у грамадстве ва ўсім”.

“Нельга дапусціць яго раз’яднанасці. Неабходна данесці да маладога пакалення простую ісціну: трэба жыць і працаваць на карысць нашай Беларусі, будаваць светлую будучыню, каб наступныя пакаленні захоўвалі і памнажалі нашы дасягненні пад мірным небам”, — сказаў ён.

Падобная рыторыка з вуснаў Сяргеева гучала на дзень пазней на “дыялогавай пляцоўцы “Беларусь: учора, сёння, заўтра” ў г.п. Краснаполле ў тым жа рэгіёне.

“Нашае пакаленне жыве пад мірным небам. Беларусь надзейна замацавалася ў свядомасці людзей як астравок міру і бяспекі. Усе мы шчыра верым, што гэтак будзе і ў будучыні. Усведамляючы гэта, беларускі народ перад тварам найважнейшай палітычнай падзеі адзіны ў выбары свайго ўнікальнага курсу на далейшае развіццё моцнай, незалежнай і квітнеючай дзяржавы”, — заявіў член СР НС.

Старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец на тэматычнай “сустрэчы з працоўным калектывам ААТ “Баранавіцкі завод станкапрылад” (дата не пазначана) заявіў аб “важнасці ўдзелу кожнага грамадзяніна ў выбарах”.

“Таму што сёння гэта выбар не проста кіраўніка дзяржавы, а мірнага развіцця Беларусі”, — сцвярджае ён.

Парламентарыі ў перадвыбарчы перыяд актывізавалі сустрэчы з насельніцтвам.

Як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў 28 лістапада, 22 яе члены правялі ў розных рэгіёнах прысвечаны выбарам “адзіны дзень інфармавання”, яшчэ 24 — прынялі ўдзел у “інфармацыйна-асветніцкім праекце “Моладзь для Беларусі!”, выступіўшы перад студэнтамі і школьнікамі.

Улады актывізавалі выкарыстанне прапагандысцкага наратыву “мірнага неба” і адсутнасці вайны ў краіне пасля развязанай 22 лютага 2022 года поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якім Мінск падтрымлівае Маскву.

Вайна пачалася ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Працэс падрыхтоўкі да сёмых прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 26 студзеня 2025 года, праходзіць пад кантролем улад, палітычнае поле краіны зачышчанае ад актыўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі.

Дэмсілы ў сумеснай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, заклікалі галасаваць “супраць усіх”.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнана незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 года адзначыліся самымі маштабнымі і працяглымі пратэстамі за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў перыяд мінулых прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, працягваюцца да гэтага часу.

Падзяліцца: