Мінск 11:23

Кансультацыі Канады з беларускімі дэмсіламі пацвердзілі агульнае бачанне свабоднай Беларусі — камюніке

Першы раўнд кансультацый 26 лістапада 2024 года ў Атаве
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

29 лістапада, Позірк. Кансультацыі Канады з беларускімі дэмакратычнымі сіламі “пацвердзілі агульнае бачанне свабоднай і дэмакратычнай Беларусі — свабоднай ад прыгнёту, карупцыі і ўмяшання”. Пра гэта гаворыцца ў сумесным камюніке, падрыхтаваным па выніках першага раўнда кансультацый 26 лістапада ў Атаве і апублікаваным 28 лістапада канадскім знешнепалітычным ведамствам.

Бакі заявілі аб прыхільнасці “далейшаму адстойванню агульных дэмакратычных каштоўнасцяў і свабод, паглыбленню партнёрства з дапамогай пашырэння супрацоўніцтва і сумесных ініцыятыў”.

Канада “падкрэсліла сваю прыхільнасць актывізацыі міжнародных намаганняў у супрацьдзеянні аперацыям расійскага ўплыву і абароне правоў грамадзян Беларусі, у тым ліку права на самавызначэнне”.

Удзельнікі кансультацый заявілі пра важнасць “аб’яднання беларускай грамадзянскай супольнасці з еўрапейскімі і паўночнаамерыканскімі дэмакратычнымі інстытутамі і ўмацавання міжнародных сетак, якія пашыраюць магчымасці беларускага народа ў яго барацьбе за свабоду, правы чалавека і незалежнасць”.

Канадскі ўрад пацвердзіў “прыхільнасць ужыванню мэтанакіраваных санкцый супраць фізічных і юрыдычных асоб, якія парушаюць правы чалавека, і тых, хто прама ці ўскосна падтрымлівае агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны”.

“Прызнаючы найважнейшую ролю незалежных СМІ”, бакі дамовіліся “падтрымліваць беларускіх журналістаў і медыяарганізацыі, асабліва тыя, якія даюць дакладную інфармацыю аўдыторыі як унутры Беларусі, так і за яе межамі”.

Удзельнікі “выказалі сур’ёзную занепакоенасць з нагоды непавагі да волі беларускага народа, асабліва па меры набліжэння прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2025 годзе, якія, як чакаецца, не будуць ні свабоднымі, ні справядлівымі”.

Канада і беларускія дэмсілы “рашуча асудзілі сістэматычнае ўжыванне катаванняў і бесчалавечнага, абыходжання і пакарання, што зневажаюць годнасць, утрыманне пад вартай без сувязі са знешнім светам і іншыя формы рэпрэсій у Беларусі” і “заклікалі да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і аднаўлення дэмакратычных свабод”.

Мэтай кансультацый названыя “абарона асноўных правоў чалавека, устойлівасць дэмакратыі, мэтанакіраваныя санкцыі, дэмакратызацыя, вяршэнства закона і намаганні па забеспячэнні адказнасці рэжыму Лукашэнкі”.

Падзяліцца: