Мінск 15:55

Праект “Маланка медыя” просіць дапамогі для аднаўлення працы сайта

Крыніца: старонка "Маланка медыя" ў "Фэйсбуку"

29 лістапада, Позірк. Праект “Маланка медыя” просіць фінансавай дапамогі для аднаўлення працы свайго сайта. Збор сродкаў абвешчаны на платформе фонду салідарнасці BySol.

“Маланка” сутыкнулася з новым выклікам: недахопам фінансавання. Ключавы донар перастаў нас падтрымліваць без тлумачэння прычын. Мы шукалі выхады з гэтай сітуацыі, але ва ўмовах вымушанай эміграцыі варыянтаў не так шмат”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце фонду.

Сума збору — 20 тыс. еўра. Паведамляецца, што гэтыя грошы дазволяць “утрымліваць сайт цягам пяці месяцаў і выплачваць заробкі чатыром супрацоўнікам”. Рэдакцыя спадзяецца, што пасля гэтага донарскае фінансаванне будзе адноўлена.

Сайт malanka.media не абнаўляецца з 15 лістапада. З 14 лістапада не публікуюцца матэрыялы ў тэлеграм-канале. Ютуб-канал і іншыя сацыяльныя сеткі выдання працягваюць працу.

У дачыненні да кіраўніка праекта “Маланка медыя” і заснавальніка платформы Zubr Паўла Марыніча ў Беларусі была ўзбуджаная спецвытворчасць, 18 сакавіка ён быў завочна прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненае з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове).

З пачатку 2024 года з фінансавымі праблемамі сутыкнуліся многія незалежныя СМІ, у тым ліку KYKY, Reform, “Белсат”, Plan B, беларуская рэдакцыя польскага “Радыё Ўнэт”, якая ў выніку спыніла працу, EX-PRESS.

28 лістапада аб падтрымцы папрасіла рэдакцыя медыя “Новы час”.

Падзяліцца: