Мінск 15:48

За тыдзень у Беларусь уехала 2.182 грамадзяніна Украіны — ДПК

Фота: ДПК

29 лістапада, Позірк. За мінулы тыдзень (з 6:00 22 лістапада да 6:00 29 лістапада) у Беларусь уехала 2.182 грамадзяніна Украіны (з 15 па 22-е — 2.328), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК).

Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу за гэты перыяд прайшло 6 чалавек (3), транзітам праз Польшчу — 1.780 (1.917), Літву — 370 (383), Латвію — 26 (25).

З пачатку года ў Беларусь уехала 124.295 грамадзян Украіны: з украінскай тэрыторыі — 62, транзітам праз Польшчу — 99.160, Літву — 23.278, Латвію — 1.795.

Усяго з 24 лютага 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне расійскіх войскаў у суседнюю краіну, у Беларусь прыбыло 270.787 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.980, транзітам праз Польшчу — 196.948, Літву — 51.528, Латвію — 6.331.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” сёлета ў лютым амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак пра колькасць украінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці.

“На самой справе гаворка ідзе не пра транзітных бежанцаў або людзей, якія ўехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулку. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Паводле даных ААН на 18 лістапада, у свеце было зафіксавана амаль 6,79 млн украінскіх уцекачоў, з іх амаль 6,226 млн — у Еўропе.

Падзяліцца: